Зяленскі падкрэсліў важнасць інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз і NATO


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 1 чэрвеня ў сваім выступе на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Малдове адзначыў важнасць еўраатлантычнага выбару для Беларусі.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што «кожная еўрапейская краіна, што мяжуе з Расеяй і не хоча, каб Расея разарвала яе на часткі, мусіць быць паўнапраўным чальцом ЕЗ і NATO».

«Ёсць толькі дзве альтэрнатывы гэтаму: або адкрытая вайна, або паўзучая расейская акупацыя. Мы бачым, што адбываецца ў Беларусі. Мы бачым, што адбываецца ў Грузіі. Мы бачым, як гэтыя краіны ўцягваюцца, хоць і рознымі шляхамі, у адзін і той жа стан беззаконня», – заявіў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі адзначыў важнасць таго, каб на саміце NATO ў Вільні ўлетку Кіеў атрымаў «дакладнае запрашэнне да сяброўства і гарантыі бяспекі на шляху да сяброўства ў NATO».

«Неабходная дакладная пазітыўная пастанова, і мы таксама рыхтуемся да мірнага саміту, што накіруе сусветную большасць да рэалізацыі супольнай формулы міру. І гэта глабальная патрэба. Час прыйшоў, і сумневы мусяць знікнуць. Пазітыўныя пастановы для Украіны будуць пазітыўнымі пастановамі для ўсіх. Асновай бяспекі, відавочна, для Малдовы. Гэта вельмі важна ў доўгатэрміновай перспектыве для Грузіі. І я не сумняваюся, што з часам гэта адбудзецца і для Беларусі, а значыць, і для еўрапейскага свету, бо не будзе ніякага шляху для агрэсіі супраць каго б там ні было ў Еўропе», – падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Еўрапейская палітычная супольнасць (2022) – гэта міжурадавы форум для палітычных і стратэгічных дыскусіяў пра будучыню Еўропы, створаны ў 2022 годзе пасля расейскага ўварвання ва Украіну. У яе ўваходзяць усе краіны Еўропы, акрамя Беларусі, Расеі і Ватыкану, а таксама краіны Паўднёвага Каўказу і Турцыя.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі: Беларусь – наступная пасля Украіны
2023.05.30 17:26

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў