У МЗС Польшчы назвалі варварствам знішчэнне фрэскі ў беларускім касцёле


Прэс-сакратар польскага МЗС Лукаш Ясіна адрэагаваў на знішчэнне касцельнай фрэскі «Цуд на Вісле» ў Смаргонскім раёне. «Знішчэнне несумяшчальнае з прынцыпамі цывілізаванага свету», – напісаў спікер міністэрства ў сваім Twitter.

Фрэска «Цуд на Вісле» ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай.
Фота: katolik.life

Міністэрства замежных справаў Польшчы раскрытыкавала цяперашнія ўлады Беларусі за знішчэнне фрэскі «Цуд на Вісле» ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Солах Смаргонскага раёну. Прэс-сакратар ведамства Лукаш Ясіна заявіў, што гэта не адпавядае прынцыпам цывілізаванага свету:

«Мы асуджаем знішчэнне рэжымам Лукашэнкі польскай культурнай спадчыны ў Беларусі. Гэтая спадчына – неад’емная частка гісторыі Беларусі. Яе знішчэнне ганебнае і несумяшчальнае з прынцыпамі цывілізаванага свету».

Пра знішчэнне фрэскі з выяваю Варшаўскай бітвы 1920 года падчас савецка-польскай вайны стала вядома 28 лютага. Гэта зрабілі пасля тэлесюжэту Ксеніі Лебедзевай, якая заявіла, што карціна «заклікае да распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці», бо там паказанае «забойства савецкіх салдатаў».

Да гэтага фрэску ўжо зафарбоўвалі пры савецкай уладзе, але пазней аднавілі.

Hавiны
У касцёле ў Гарадзенскай вобласці зафарбавалі фрэску «Цуд на Вісле»
2023.02.28 16:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў