У Бабруйску з вязняў вымагаюць грошы на рамонт калоніі


У папраўчай калоніі №2 у Бабруйску вынайшлі, як знайсці пазабюджэтныя сродкі на сваю дзейнасць. Тут прымушаюць вязняў аддаваць на рамонт памяшканняў увесь заробак і прасіць грошы ў сваякоў і сяброў. Аб гэтым паведамляюць праваабаронцы з тэлеграм-канала «MAYDAYTeam». 

Папраўчая калонія №2. Бабруйск, Беларусь.
Фота: komkur.info

Адразу з некалькіх крыніц 1 лютага праваабаронцам стала вядома аб тым, што з вязняў у ПК №2 у Бабруйску патрабуюць пералічыць на рамонт калоніі ад 100 да 600 беларускіх рублёў. Пры гэтым, у сярэднім вязень можа зарабіць каля 30-50 рублёў за месяц цяжкай працы ў прамзоне калоніі. Сродкі спісваюць з рахункаў вязняў, а калі на рахунку мала, то раяць папрасіць у сваякоў.

«Калі некаторыя абураныя грамадзяне вырашылі ўдакладніць у адміністрацыі, што ж адбываецца, там не сталі адмаўляць прапанову дапамагчы калоніі з рамонтам. Але падкрэслілі, што спісаць грошы з рахункаў асуджаных можна толькі з іх пісьмовай згоды. І такія згоды ёсць», – паведамляюць праваабаронцы.

Адміністрацыя калоніі мае доступ да сродкаў, якія сваякі пералічваюць на разліковы рахунак калоніі, каб потым грошы былі пераведзены на асабістыя рахункі вязняў. Такая практыка тут пакуль што застаецца адным з магчымых варыянтаў падтрымкі сваякамі свайго родзіча, які адбывае пакаранне ў калоніі.

Іншы варыянт – больш цывілізаваны і канфідэнцыйны – набыццё прадуктовых набораў ці грашовых сертыфікатаў для набыцця такіх набораў у інтэрнэт-краме калоніі. У такім выпадку сродкі ад сваякоў на рахунак калоніі не патрапляюць.  Але інтэрнэт-крамы калоніяў пакуль што не змаглі наладзіць нармальнае функцыянаванне.

Праз інтэрнэт-краму сваяк можа дыстанцыйна выбраць і набыць прадуктовую пасылку вагой да 50 кг, якую потым перадаюць вязню. Альбо можна выкупіць сертыфікат на суму ад 100 да 500 рублёў, і асуджаны сам выбера сабе прадукты харчавання.

Адміністрацыя калоніі карыстаецца тым, грашовыя сродкі сваякі пералічваюць непасрэдна на рахунак папраўчай установы, і ўплывае вязняў, прымушаючы даваць згоду на выкарыстанне сродкаў на патрэбы рамонту.

Паводле інфармацыі, якая маецца ў распараджэнні праваабаронцаў, некаторыя вязні ўжо паведамілі сваякам аб тым, што з іх рахункаў спісаныя да 5 базавых велічынь.

Антон Тачняк

Стужка навінаў