Неспакойныя цені забытых продкаў

Быў такі цудоўны ўкраінскі фільм паводле аповесці Кацюбінскага – «Цені забытых продкаў». Фільм пра рэаліі сучаснай Беларусі можна было б назваць «Неспакойныя цені забытых продкаў».

Здаецца, у Беларусі і так безліч праблемаў: касмічныя выдаткі на будынак Вярхоўнага Суда, касмічныя тэрміны для падлеткаў, што трапілі за краты праз наркотыкі, адключэнне гарачай вады ўлетку, выкас травы ўзімку… Але менавіта скандальнымі кожны раз становяцца выпадкі, завязаныя – як вузялкі – на мінулым.

Канфлікты, адлітыя ў бронзе

Гэта гісторыя з помнікам у Курапатах, які не спадабаўся актывістам. Гісторыя з помнікам Глебу Менскаму, які не спадабаўся археолагам. Гісторыя з гарадавым, які не спадабаўся, здаецца, нікому, апроч Шуневіча. Цені мінулага, якія з’яўляюцца на беларускіх вуліцах у бронзе ці камяні нібы ад пачатку ўтрымліваюць канфлікт, вузялок нянавісці.

Як у адным горадзе можа стаяць помнік і расстраляным, і тым, хто расстрэльваў? Спачатку гарадавыя лавілі камуністаў і беларускіх актывістаў, пасля беларускія актывісты па наіўнасці аплёўвалі гарадавых і шанавалі камуністаў, пасля камуністы расстралялі і гарадавых, і актывістаў. Каму ў выніку стаіць помнік? Правільна, усім.

Цяжка ж сабе ўявіць, што ў Аўшвіцы стаяць помнікі і закатаваным, і эсэсаўцам – бо ветэранская арганізацыя былых байцоў СС напісала ліст польскаму прэзідэнту ці ў Мінкульт, бо «гэта таксама гісторыя». А ў нас усё побач: гарадавы з сабачкам, Дзяржынскі, Курапацкі звон… Сон розуму.

«Лясныя браты» – па-ранейшаму тэма-табу

Нядаўна з Геральдычнай камісіі пры прэзідэнце быў прыбраны Віктар Ляхор – спецыяліст па вайсковай гісторыі, які займаўся ўніформай. Чаму? Бо напісаў і праілюстраваў кнігу пра лясных братоў, якія блукалі па нашых пушчах у 1940-я. Без ідэалогіі. Адно факты: у каго якія гузікі на фрэнчы былі, якія кепі… Кнігу прыбралі з распаўсюду, Ляхора – з камісіі. Кажуць, па скаргах нейкіх ветэранаў, што напісалі «наверх» гнеўны данос.

То бок на вывучэнне пэўных тэмаў – як тэма «лясных братоў» і калабарацыі ў часы вайны – па-ранейшаму накладзенае табу. Дакладней, табу хітрае: калі гэта выданне пра гісторыю Контрвыведкі ці Камітэту за аўтарствам саміх супрацоўнікаў гэтых структураў – усё добра. Калі ж за працу бярэцца «не свой» даследчык і ва ўмовах зачыненых архіваў усё ж такі нешта піша – яму ствараюць праблемы.

Ісціну не шукаюць – яе ствараюць!

Зрэшты, «забараняць» мінулае – гэта ўжо нафталін, перажытак. Навошта, калі можна яго канструяваць? Дзярждума РФ, напрыклад, зараз будзе галасаваць па законе аб тым, што СССР выйграў вайну ў Афганістане. Дэпутат Рагозін з «Адзінай Расеі» аспрэчвае тое, што амерыканцы пабывалі на Месяцы. Вось Гарбачова збіраюцца судзіць за «развал СССР»…

Нашы таксама не адстаюць: газета «Беларусь сёння» ужо адлічвае эпоху незалежнасці ад 1994-га году. Чаму б і не? У часы постпраўды і фэйкавых навінаў мае існаваць і постгісторыя, постмінулае. Ісціну не шукаюць – яе ствараюць!

Пражыць сваё жыццё ці быць ценем?

Дык пра што гэта ўсё? Нездаровая, агрэсіўная зацыкленасць на гісторыі – глыбокі комплекс для ўсяго постсавецкага рэгіёну. Для нас таксама. Калі маеш праблемы ў сучаснасці – адказы шукаеш у мінулым. Што мы не так зрабілі? Хто ўсё сапсаваў? Хто вінаваты? Гісторыя ў нас не навука. Гэта частка ідэалогіі, хай і страшэнна заблытанай. Гэта па-ранейшаму маркер: «свой – чужы». Па-ранейшаму – траўма.

Смешна і сумна, што ўсё гэта адбываецца ў ІТ-краіне, з ПВТ, «Варгеймінгам» і г.д. Мы ніяк не можам пераступіць, магчыма, дараваць і перакрэсліць пэўныя рэчы. І спакойна ісці далей. Пражыць сваё асабістае жыццё, а не быць ценямі мінулага. Апрануць урэшце сваю кашулю, а не запылены кіцель з дальняй шафы з чужымі зоркамі ды медалямі.

Аб’ектыў
Што можна і чаго нельга рабіць з помнікам Менскаму Гарадавому
2018.11.19 21:29

Алесь Кіркевіч, Belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў