«Нептунам» па чарнаморцах – Украіна выпрабавала супрацькарабельныя ракеты


У Адэсе стралялі. Вучэбныя пускі па Змяіным востраве прымаў «Крывавы пастар» Аляксандр Турчынаў.

На палігоне пад Адэсай прайшлі паспяховыя выпрабаванні крылатай ракеты «Нептун» украінскай вытворчасці. Баявую супрацькарабельную ракету распрацавала кіеўскае канструктарскае бюро «Луч» у межах стратэгічнага праекту «Ракетны шчыт». Калі «Нептун» прымуць на ўзбраенне ўкраінскага войска, «Украбаронпрам» распачне ягоную серыйную вытворчасць.

5 снежня 2018, супрацькарабельная крылатая ракета «Нептун». Фота – rnbo.gov.ua

«Сёння мы спраўджвалі здольнасць крылатай ракеты трапляць у надводныя цэлі на дальняй адлегласці. Важна, што ракета змагла дакладна трапіць у цэль на адлегласці 280 кіламетраў. Гэта вельмі добры вынік. Выпрабаванні ўкраінскіх ракетаў даказалі здольнасць надзейна абараніць Чарнаморскі і Азоўскі рубяжы нашае краіны», – заявіў на Адэскім палігоне Аляксандр Турчынаў. Ва ўкраінскім сектары інтэрнэту сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны паўжартам называюць «Крывавым пастарам».

5 снежня, Аляксандр Турчынаў на палігоне пад Адэсай прымае выпрабаванні супрацькарабельных ракетаў. Фота – rnbo.gov.ua

Таксама выпрабаванні паспяхова прайшоў глыбока мадэрнізаваны ракетны комплекс С-125, які вядзе радавод яшчэ ад савецкай ракеты «Нява». З васьмі ракетаў усе восем знішчылі надводныя цэлі. Гэтымі выпрабаваннямі Украіна дэманструе, што яе ракеты С-125 розных мадыфікацыяў здольныя трапляць як у варожую авіяцыю, гэтак і ў вайсковыя караблі.

5 снежня 2018, супрацькарабельная ракета С-125. Фота – rnbo.gov.ua

Каб спраўдзіць пападанні, вайскоўцы задзеялі авіяцыю і абсталявалі спецпункт на востраве Змяіны. Пасля выпрабаванняў сакратар РНБА правёў у мабільным камандным пункце нараду з распрацоўнікамі ракетаў і вайсковым кіраўніцтвам аб прыярытэтных кірунках абароны Чарнаморска-Азоўскага рэгіёну.

5 снежня, Аляксандр Турчынаў на палігоне пад Адэсай прымае выпрабаванні супрацькарабельных ракетаў. Фота – rnbo.gov.ua

Гэтыя выпрабаванні маюць асаблівае значэнне пасля нападу расейскіх памежных караблёў ФСБ у нейтральных водах на тры ўкраінскія караблі, якія спрабавалі запланавана прайсці Керчанскую пратоку, а пасля марской блакады – вярнуцца ў порт. Цяпер у расейскіх следчых ізалятарах застаюцца 24 палонных украінскіх маракі, з іх трое параненыя.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў