Сёння стала вядома пра затрыманне за хабар у $ 200 тыс. памочніка кіраўніка краіны Сяргея Раўнейкі. Гэта далёка не адзіны факт карупцыі ў Беларусі: цягам апошніх месяцах не бракавала гучных арыштаў чыноўнікаў і прызначэнцаў.
У пачатку траўня ў Камітэце дзяржбяспекі распавялі пра затрыманне высокапастаўленых чыноўнікаў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі.
Вось што распавялі тады ў КДБ:
«Па сутнасці, функцыянавала шматузроўневая сістэма атрымання ўзнагароджання ў выглядзе здабытых браканьерскім спосабам аб’ектаў жывёльнага свету. Асобам, якія ўдзельнічалі ў браканьерскай дзейнасці, супрацоўнікі інспекцыі аказвалі заступніцтва, перадавалі інфармацыю аб планаваных рэйдах, паведамленнях грамадзянаў аб фактах парушэння браканьерамі прыродаахоўнага заканадаўства, вярталі канфіскаваныя браканьерскія прылады лоўлі (сеткі, пасткі і г.д.)».
У выніку затрымалі начальніка Віцебскай абласной інспекцыі Васіля Лемешава, начальніка Мазырскай міжраённай інспекцыі Уладзіміра Лагімахава і ягонага намесніка Аляксандра Красюка. Таксама ў справе фігуруюць 6 кіраўнікоў міжраённых інспекцыяў Віцебскай вобласці.
«Гарачы каментар» пра карупцыю
10 траўня Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне былога начальніка Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Андрэя Дамарацкага – за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. СК мяркуе, што чыноўнік нанёс істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам.
Паказальна, што папярэдніка Дамарацкага – Сяргея Барысевіча – таксама затрымалі, па падазрэнні ў карупцыі.
У пачатку сакавіка навіны пра карупцыю прыйшлі з Гомлю. Там затрымалі двух высокіх чыноўнікаў – з упраўлення прымусовага выканання Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму. Іх падазраюць ва злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Чыноўнікам пагражае да 12 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.
Летась суд Цэнтральнага раёну Гомлю разглядаў крымінальную справу ў адносінах экс-начальніка ўпраўлення прымусовага пакарання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму. Яе пакаралі 3 гадамі пазбаўлення волі.
У красавіку кіраўнік МУС Ігар Шуневіч распавёў пра затрыманне былога старшыні Гомельскага райвыканкаму Аляксандра Сітніцы.
Пачалося з таго, што Аляксандр Сітніца «знік» – перастаў выходзіць на працу. Сілавыя структуры гэтую інфармацыю не каментавалі. Толькі прэс-служба Гомельскага аблвыканкаму паведаміла аб звальненні Сітніцы «за прагулы».
Чыноўнік быў абвешчаны ў вышук і, як сцвярджаюць крыніцы TUT.BY, яго затрымалі ў Расеі. Афіцыйна пацвердзіць звесткі аб затрыманні менавіта ў Расеі не атрымалася.
Карупцыя «з’ядае» бюджэтныя грошы
Аляксандр Сітніца ўзначальваў Гомельскі райвыканкам з 2009 года.
Можна яшчэ ўзгадаць пра затрыманне дырэктара менскага Палацу спорту Сяргея Прановіча. Ён, праўда, браў хабары не па $ 200 тыс., як памочнік Лукашэнкі, толькі $ 100-1200. Але як сцвярджаюць у КДБ, грошы яму паступалі амаль штодня. І так з 2014 года… Сяргей Прановіч браў грошы за прадастаўленне плошчаў палацу пад выставы.
НМ, belsat.eu