Некалькі дзяржпрадпрыемстваў перанеслі рахункі ў дзяржаўныя банкі. Тлумачым, што адбываецца


Гэта здарылася амаль адначасова. Некалькі дзяржаўных прадпрыемстваў перанеслі заробкавыя рахункі ў дзяржаўныя банкі. Эканамічны аналітык лічыць, што гэта магло быць адміністрацыйным рашэннем «зверху».

З уласных крыніц Belsat.eu стала вядома, што Нацыянальны банк тыдзень таму разаслаў дзяржаўным прадпрыемствам неафіцыйны загад не працаваць з банкамі з расейскім капіталам. У Беларусі ёсць некалькі банкаў, якія маюць расейскі капітал. Гэта «Белгазпрамбанк», «БПС-Сбербанк», «Альфа-Банк», «Банк Бел-ВЭБ», «Банк ВТБ». Мы звярнуліся ва ўсе банкі з пытаннем: ці ведаюць яны што пра такі загад?

Нацбанк Беларусі. Фота з архіву «Белсат»

Прэс-сакратар Нацбанку Аляксандр Цімашэнка паведаміў, што «нічога падобнага не бачыў».

Беларускі «БПС-Сбербанк», як і расейскі «Сбербанк» адмовіліся ад каментавання. У прэс-службе «Альфа-Банку» параілі звярнуцца з пытаннем праз пару тыдняў, бо «банк мае зараз недастаткова інфармацыі». У «Белгазпрамбанку», у які нядаўна дзяржава ўвяла часовае кіраўніцтва, адмовіліся каментаваць.

«Банк ВТБ», «Банк БелВЭБ», а таксама расейскія банкі «Газпрамбанк», «Альфа-Банк», «ВЭБ.РФ», «Банк ВТБ» увогуле не далі адказаў.

Дзяржаўныя банкі прымаюць новых кліентаў

У Telegram-канале NEXTA былі апублікаваныя дакументы з інфармацыяй пра перанос рахункаў у дзяржаўныя банкі «Беларусбанк» ці «Белаграпрамбанк». У рэдакцыю Belsat.eu таксама даслалі дакумент філіялу «Мазырскія электрычныя сеткі», дзе напісана, што прадпрыемства пераводзіць абслугоўванне выплатаў і налічэнняў заробкаў у вышэйзгаданыя дзяржаўныя банкі. Дырэктар філіялу Ігар Сіроцін адмовіўся пракаментаваць дакумент.

Намеснік галоўнага дырэктара па эканоміцы і фінансам ААТ «Інтэграл» Зміцер Марозаў паведаміў, што афіцыйных загадаў ад Нацбанку не было, але ці быў увогуле такі загад і ад каго – каментаваць адмовіўся.

«Каму хочаце тэлефануйце, я нічога не ведаю. Мяне паставілі перад фактам. Тут яшчэ фінаддзел вырашае, нам яшчэ будзе сказана, з кім мы будзем працаваць. Мы гэтага не датыкаемся, мы людзі маленькія. Нам сказалі – мы выканалі», – пракаментавала факт пераходу ў дзяржбанк дырэктарка Гандлёвага дому «Інтэграл» Галіна Дастанка.

У «Гроднаэнерга» ж пацвердзілі існаванне дакументу:

«У дакуменце мова ідзе пра заробкавае абслугоўванне. Справа ў тым, што два банкі [«Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк». – Belsat.eu] нам прапанавалі мінімальныя стаўкі абслугоўвання. Мы падлічылі, што ў межах году гэта будзе істотная эканомія, якая вымяраецца дзясяткамі тысяч беларускіх рублёў. У нашых інтарэсах кансалідаваць рахункі ў тых банках, якія нас сёння крэдытуюць і знізіць нашыя выдаткі. Сёння ў краіне даволі складаная эканамічная сітуацыя, у тым ліку ў энергетыцы. Але гэта не кажа пра тое, што мы сыходзім ад «БПС-Сбербанку» па нейкім іншым напрамку. Чыста паводле заробкавых праектаў. Да таго ж, мы прапрацоўваем бясплатныя картачкі для работнікаў, каб у іх не было дадатковых выдаткаў», – кажа намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах Леанід Раік:

«Магло быць адміністратыўнае рашэнне»

Наколькі верагоднае супадзенне, што адразу некалькі дзяржаўных прадпрыемстваў паводле ўласнага жадання і амаль адначасова вырашылі перанесці свае рахункі ў «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк»?

«Думаю, што ў аснове гэтых рашэнняў ляжыць усё ж такі адміністратыўны ўплыў на беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы. Наўрад ці ўмовы па той жа сістэме кліент-банк у дзяржаўных банках больш выгадныя за ўмовы ў банках з прыватным ці замежным капіталам. Не здзіўлюся, калі тарыфы на правядзенне асобных банкаўскіх паслуг могуць быць для кліентаў нават даражэй, чым у прыватных банках», – разважае аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

Эксперт звяртае ўвагу не толькі на разлікова-касавыя паслугі, але і на пытанні крэдытавання:

«Калі прадпрыемствы ацэньваюць для сябе выгаднасць супрацы з банкам, то звяртаюць увагу і на паслугі, па якіх іх крэдытуюць банкі. Таму, хутчэй за ўсё, у аснове гэтых рашэнняў ёсць загад з боку дзяржаўных органаў».

Аляксандр Муха лічыць, што дзяржпрадпрыемствы павінныя быць самастойнымі, улічваць умовы і аб’ёмы крэдытавання, даступнасць крэдытных рэсурсаў, якія прапаноўвае банк. Любое адміністратыўнае абмежаванне садзейнічае росту манапалізацыі банкаўскага сектару, паніжае ўзровень канкурэнцыі.

«Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк» забіраюць кліентаў з банкаў з замежным капіталам. Ілюстратыўны здымак Pixaby

Паводле эксперта, банкі з прыватным ці з замежным капіталам могуць адчуць зніжэнні прыбыткаў, але не кардынальныя. Праблемы з’явяцца акурат у дзяржаўных прадпрыемстваў, бо велічыня крэдытавання можа паменшыцца.

«Банкі з расейскім капіталам – сурʼёзны ўдзельнік банкаўскага рынку Беларусі. У структуры банкаўскай сістэмы нашай краіны значная доля прыпадае на рэзідэнтаў Расейскай Федэрацыі. Расейскія банкі размясцілі ў банкаўскім сектары Беларусі актывы на суму $ 3,868 млрд. Яны далі амаль $ 4 млрд даччыным беларускім банкам у тым ліку на крэдытаванне беларускіх прадпрыемстваў. Таму такі перавод рахункаў можа паўплываць на абʼёмы крэдытавання беларускіх прадпрыемстваў».

Эксперт лічыць, што нельга пазбаўляцца такой крыніцы замежнай валюты ў Беларусі як інвестыцыі расейскіх банкаў:

Пераарыентацыя на беларускія банкі можа паўплываць на стабільнасць валюты. Фота з архіву «Белсат»

«У горшым выпадку можа з’явіцца валютны дэфіцыт у банкаўскім сектары. Я прыхільнік больш рацыянальнага і ўзважанага падыходу. Пры прыняцці адміністратыўных рашэнняў трэба ўлічваць усе аспекты і магчымыя негатыўныя наступствы. Мы павінныя разумець, наколькі такія рашэнні адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству Беларусі і міжнародным абавязкам нашай краіны [у межах Еўразійскага эканамічнага звязу, Сусветная гандлёвай арганізацыі. – Belsat.eu]. Калі Беларусь далучыцца да СГА, павінная будзе выконваць і іхныя правілы, сярод якіх – адсутнасць дыскрымінацыі даччыных прадпрыемстваў замежных інвестараў, не важна – расейскія яны ці з іншай дзяржавы. Пытанне няпростае і яно патрабуе дадатковага абгрунтавання, каб не нашкодзіць самім сабе».

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў