«Не ведаю, чаго чакаць ад гэтай улады». Думкі і твары на маршы мудрасці. Фота

Марш пенсіянераў. Менск, Беларусь. 7 снежня 2020 году. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Сёння, 7 снежня, традыцыйны Марш мудрасці прайшоў па новым сцэнары. Спачатку пенсіянеры сабраліся на плошчы Якуба Коласа а 12:00. Туды загадзя прыехалі людзі ў форме і неўзабаве пратэстоўцаў разагналі. Пазней пенсіянеры сустрэліся ў 14:00 на плошчы Незалежнасці. Яны вадзілі карагоды вакол навагодняй елкі, а ціхары здымалі гэта на камеру. Мы спыталі ў жанчын у Чырвоным касцёле, чаму яны выходзяць і што іх здзівіла сёння.

Ніна Багінская:

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Пенсіянеры як вырашылі прыходзіць да 14 гадзінаў, так я і прыйшла сюды з гэтым маленькім сцягам. Я лічу, што вельмі важна збірацца менавіта каля Чырвонага касцёлу. І калі нас яшчэ у часы малой колькасці апазіцыі адсюль выганялі, мы ўсё роўна сустракаліся каля помніка Архангелу Міхаілу. Мы маліліся за Беларусь, за народ, за культуру. І разыходзіліся. Так было спрадвечна.

Сёння сітуацыя паўтараецца на акцыі пенсіянераў. Міліцыянты казалі, каб мы ішлі да чыгуначнага вакзалу. Частка людзей паслухалася. Некаторыя пенсіянеры засталіся і стаяць тут, каля каляднай елкі.

Учора мяне затрымалі, каб сцяг забраць. Мяне выпусцілі з Савецкага РУУСа, але сцяг абяцалі вярнуць. Склалі пратакол, каб зняць мае грошы з пенсіі.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Як вярнуць вялікі сцяг, буду хадзіць з ім. Але я падумала, што мне, старой, пасуе хадзіць і з маленькім. Бо моладзь спрытная, моцная, трывалая, напэўна, і разумная. Яна нават стометровы сцяг пашыла – на тое яна і моладзь. А я магу і з маленькім сцягам хадзіць, хоць даўным даўно гэтага не рабіла.

У гэтым годзе мой сцяг забіралі шмат разоў, але вярталі толькі аднойчы. Калі я на наступны дзень пайшла на акцыю, той сцяг і забралі. Так яно і бывае: хтосьці вяртае, хтосьці забірае. Такая ў нас мазаічная сітуацыя: то дабро, то зло. Які прэзідэнт, так і міліцыя сябе паводзіць.

Таццяна:

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Апошнія два маршы нам не давалі прайсці па праспекце да плошчы Якуба Коласа, нас ганялі па іншых маршрутах. Як быццам мы не жывём у Менску і не маем права прайсці там, дзе хочам. У гэты раз вырашылі памяняць фармат маршу: сустрэліся не ў 14:00, а ў 12:00. І не ля касцёлу, а на плошчы Якуба Коласа.

Я прыехала а 11:40, і праз пару хвілінаў там ужо хадзілі некалькі міліцыянтаў з гукаўзмацняльнікам і папярэджвалі аб тым, што мерапрыемства не санкцыянаванае і нам трэба разысціся.

Фота: Агата Кваткоўская / Белсат

Мне здаецца, сабралася каля 100 чалавек. Гэта нядрэнна, таму што не ўсе ведалі, што памяняўся фармат. Нам так і не далі сысці з плошчы Якуба Коласа. Прыехалі амапаўцы ці міліцыянты, не ведаю. Я налічыла 10 бусаў, але з іх ніхто не выходзіў. Потым перакрылі ўваход у метро і ўсе дарогі. Нам казалі разыходзіцца, але куды?

Мы хадзілі па плошчы каля гадзіны, скандзіравалі. Сімволіку практычна не даставалі. Спрабавалі нешта казаць міліцыянтам, але яны нічога не чуюць. Мы зладзілі невялікі флэшмоб: хадзілі з рукамі за спінай, апусціўшы галаву ўніз. Але на іх гэта таксама не дзейнічае.

Мы вырашылі разысціся і зноў сабрацца ў 14:00 каля касцёлу. Дзякуй богу, змаглі спусціцца ў метро і з’ехаць. На паверсе нават маршруткі і аўтобусы не спыняліся: стаяў даішнік і ўсіх разганяў.

Ля касцёлу было поўна людзей, шмат міліцыі. Нас папярэджвалі: «Разыходзьцеся, іначай усіх запакуем». Не ведаю, чаго чакаць ад гэтай улады.

Таццяна:

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Калі ішло аднаўленне цэркваў і духоўнае будаўніцтва, з’яўляліся нядзельныя школы. Гэта быў уздым жывой думкі, пошук шляху развіцця і імпульсу, якім можна жыць, які дапамог бы выйсці з застою.

Было абмеркаванне таго, каб прыняць закон аб выкладанні закона Божага. Паўстала пытанне, які закон выкладаць, бо ёсць праваслаўны, каталіцкі, мусульманскі. Інтэлігенцыя не настаяла, таму закон не быў прыняты. Я да гэтага часу пра гэта шкадую, таму што мы хадзілі ў нядзельную школу, і я бачыла, якія прыгожыя людзі растуць і якімі адухоўленымі становяцца іх жыцці. Дай бог прынесці нам веданне высокай адукацыі. Калі б усе ведалі, што забіваць нельга, то не было б таго, што адбываецца цяпер.

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Цяпер час пандэміі, час чумы, і мы можам выратавацца толькі сілай Гасподняй. Ты адчуваеш, што належыш свайму народу, і тваё маленькае «я» знікае.

Жанчына, якая не назвала сваё імя:

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Я хадзіла на ўсе маршы, толькі два прапусціла!

Агата Квяткоўская, belsat.eu

Hавiны