«Не стаў на шлях выпраўлення». Палітвязню Жамчужнаму адмовілі ў датэрміновым вызваленні


Міхаіл Жамчужны

У пачатку снежня 2017 года адміністрацыя калоніі № 9 у Горках, дзе адбывае пакаранне палітвязень Міхаіл Жамчужны, паведаміла яму, што ён не будзе прадстаўлены на ўмоўна-датэрміновае вызваленне ці на замену пакарання на больш мяккае. Такое рашэнне адміністрацыя калоніі патлумачыла тым, што Жамчужны «не стаў на шлях выпраўлення».

Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Таксама ў пачатку студзеня 2018 года стала вядома, што Упраўленне дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці адмовіла ў задавальненні скаргі на змяшчэнне Жамчужнага ў штрафны ізалятар у жніўні і снежні мінулага года. У дэпартаменце сцвярджаюць, што спагнанні былі накладзеныя правамерна «за дапушчаныя парушэнні парадку адбыцця пакарання», «падставы для адмены спагнання не маецца».

Начальнік упраўлення Ю.Талкачоў, які падпісаў адказ на скаргу, адзначыў, што «якой-небудзь пагрозы жыццю і здароўю, іншых падставаў, якія перашкаджаюць далейшаму адбыванню пакарання асуджанага Жамчужнага М.І. ў калоніі № 9, няма. Парушэнняў у дзеяннях адміністрацыі калоніі № 9 не ўстаноўлена».

У кастрычніку суд, які павінен быў вырашыць пытанне па пераводзе Міхаіла Жамчужнага з калоніі на турэмны рэжым зняволення, адмянілі.

***

Заснавальнік «Платформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары