Нататкі відэааператара

Праца аператара-фрылансера ў сучаснай Беларусі – гэта як расейская рулетка – затрымаюць ці не? Чаго яшчэ чакаць? Прапаноўваем паглядзець на свет праз аб’ектыў відэакамеры. Алесь Дзянісаў дзеліцца досведам.

Пятніца. Напярэдадні

Заўтра вельмі адказны дзень. Мітынг у Каложскім парку. Прыязджае каманда Ціханоўскай. Праверка абсталявання. Пачысціць флэш-карты. Падладаваць запасны акумулятар. У прынцыпе, гэта робіцца і перад звычайнымі планавымі здымкамі, але тут лепей двойчы ўсё спраўдзіць. Штатыў браць не мае сэнсу, бо ў натоўпе з ім не паздымаеш. Што яшчэ? Дакументы, пашпарт. Маска на твар. Каронавірус жа!

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

А далей збіраеш незвычайны набор: кніга, запасная бялізна, мыла, бутэлька вады. Калі затрымаюць і пакінуць за кратамі, то суд адбудзецца толькі ў панядзелак. Перадачаў на гэтым этапе не прымаюць. Яшчэ – рулон туалетнай паперы. Жарт жартам, але памятаю, як сядзеў у камеры да суда, ды, прабачце, прыціснула так, што пачаў грукацца ў дзверы: «Дапамажыце, таварышы міліцыянеры! Паперкі б мне!» З акенца: «Не положено! Скоро на суд повезут! Там просрёшься!» Сітуацыя патавая. Выратавала толькі тое, што сапраўды, на суд павезлі праз 15 хвілінаў.

Субота. Пачатак

Выходжу з пад’езду. Азіраюся. Гэта ўжо на ўзроўні набытага інстынкту: шукаць вачыма падазроныя аўтамабілі. Еду роварам. Каложскі парк. Агароджа. Людзі ў цывільным. І не толькі. Праверка заплечніка. Усё дастаць з кішэняў. Паводзяць сабе вельмі ветліва. Я б сказаў, нават прыязна. Пад сцэнай – апошнія рыхтаванні. Хтосьці наладжвае гук. Хтосьці – расстаўляе крэслы для людзей сталага веку. Гэта вельмі міла, хаця ўсім старым усё роўна не хопіць.

Фотарэпартаж
Святлана Ціханоўская на Гарадзеншчыне. Вялікі фотарэпартаж
2020.08.02 13:31

Гарадзенцы збіраюцца. Бліжэй да пачатку – сапраўднае мора людзей. Шчаслівыя твары. Разумныя вочы. Усмешкі. Дзеткі. Белыя і чырвоныя балонікі. Бел-чырвона-белыя сцягі. Напэўна, ні ў адным горадзе не было столькі нацыянальных сцягоў, як у Горадні! Пачынаецца мітынг. Людзі слухаюць, пляскаюць у далоні, але адчуваецца нейкае напружанасць. Ці то ўсе памятаюць, што па прасторах краіны дагэтуль бадзяюцца 170 расейскіх баевікоў, ці то чакаюць галоўную гераіню.

Як рок-зоркі

Праз гадзіну прыязджае Ціханоўская з камандай. Аўтамабілі не прапускаюць бліжэй да Каложскай царквы, таму жанчыны і іх каманда ідуць праз натоўп да сцэны, да самай стэлы. І гэта выглядае феерычна! Вы бачылі ўжывую, як ідуць рок-зоркі праз натоўп фанатаў? Тут было лепей! «Света! Света! Света!» – скандавалі людзі. Сапраўднае свята непаслухмянасці! Сапраўднае шчасце людзей! Праблема толькі для добраахвотнай аховы: чым бліжэй да сцэны – тым складаней пашырыць калідор.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Увесь час здымаю. Іду спінай наперад. Прашу аднаго з ахоўнікаў трымаць мяне за заплечнік, каб не зваліцца з ног.

Выступы. Ціханоўская, Калеснікава, Цапкала. Як яны змяніліся за гэтую перадвыбарчую кампанію! Гэта выступы сапраўдных палітыкаў! Шалёная шчырая падтрымка людзей. Яны шчаслівы.

Ведаеце, калі б сёння былі свабодныя выбары, то людзі б прагаласавалі не за Ціханоўскага ці Бабарыку! Ну, праўда! За Святлану Ціханоўскую! Я – дакладна!

Вельмі горача. Камусьці ў натоўпе стала дрэнна ад спякоты. Калеснікава са сцэны кліча медыкаў.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Слоніме.
Фота: «Белсат»

Пот залівае вочы. Яшчэ гэтая маска… Час ад часу сонейка хаваецца ў невялічкую хмарку. Мой сэнсэй Алесь Зянкоў неяк сказаў мне: «Сонца – галоўны вораг аператара!» Я выдатна разумею цябе, Саня! Клацаю фільтрамі. Правае плячо ные і зацякае. Вось ужо дзве гадзіны як мая правая рука зраслася з камераю.

Фініш і хэпі-энд

Правакацыяў амаль што не было. Стаяў нейкі фрык з партрэтам Лукашэнкі. Аляксандр Рыгоравіч прыйшоў на дэбаты. У выглядзе фотаздымку. Яшчэ была нейкая бабуля са сцягам СССР. Сам не чуў, але знаёмыя казалі, што яна абражала людзей. Колькі было гарадзенцаў? Хтосьці напісаў пра 8 тысячаў, хтосьці – пра 15. Тут складана палічыць. На здымках з квадракоптара немагчыма ўбачыць тых людзей, якія хаваліся ад сонейка пад дрэвамі, злева і справа ад сцэны. Іх там было вельмі шмат! Але нават калі і пятнаццаць, то гэта – кропля ў моры. У горадзе жыве 370 тысячаў. Хочацца, каб было больш! Але ж дзейны кіраўнік краіны і трэцяй часткі гэтага не сабраў бы!

Hавiны
Аб’яднаны штаб анансуе новы мітынг Ціханоўскай у Менску
2020.08.01 18:37

Са знаёмым блогерам ідзем да выхаду каля Каложскай царквы. Наперадзе – натоўп міліцыянтаў у цывільным. Весела блішчыць на сонцы знаёмая лысіна начальніка аддзялення прафілактыкі правапарушэнняў. Гэты мяне пазнае, нават калі я пераапрануся ў Кракадзіла Гену. На ўсялякі выпадак паварочваем на іншы выхад. Але здаецца, што сёння не будзе затрыманняў…

Вішанька на торце

Вечар. Футбольны матч «Нёман» (Горадня) – «Дынама» (Менск). Адзін з прынцыповых супернікаў. А яшчэ і сусед па турнірнай табліцы. На стадыён сёння не паспеў. Гляджу інтэрнэт-трансляцыю. Нашы перамагаюць! Увесь стадыён скандуе «Жыве Беларусь!»

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Слоніме.
Фота: «Белсат»

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў