Акцыю «Ланцуг памяці» ладзіць каманда Міколы Статкевіча.
19:04 Ужо за 15 хвілінаў да пачатку акцыі каля помніку Дзяржынскаму, праз дарогу ад КДБ, сабраліся каля 20 удзельнікаў. Яны прынеслі з сабой некалькі вялікіх бел-чырвона-белых сцягоў. Каля актывістаў дзяжурылі сілавікі ў цывільным, ведучы аператыўную здымку.
19:20 Актывіст Мікалай Салянік прыйшоў у турэмнай робе з самаробнымі кайданамі. Мікалай Статкевіч раздаў знічы. «Не хвалюйцеся, нас добра ахоўваюць», – сказаў Статкевіч, ківаючы на шматлікіх людзей у цывільным.
«Я разумею, што сюды прыходзіць страшней, чымся ў Курапаты, але гэта рабіць неабходна, каб нашчадкі катаў пакаяліся», – сказаў ён.
Тым часам Салянік пакінуў драўляную калодку і робу на ганку КДБ.
«Гэта на памяць вам! Каб больш ніколі людзей не расстрэльвалі без суду і следства, – сказаў актывіст. – Гэтыя органы будуць паступаць гэтак, пакуль не прымуць закон аб люстрацыі. За злачынствы павінныя адказваць вы, вашыя дзеці і ўнукі, – дадаў Салянік.
Статкевіч заклікаў прысутнага святара аўтакефальнай цэрквы акрапіць святой вадой будынак КДБ, «каб выгнаць нячысты дух».
Калі святар зайшоў за калону будынку, яго паспрабаваў штурхнуць сілавік у цывільным.
Актывіст Сяргей Мацкойць, які прынёс на акцыю стэнд з партрэтамі зніклых палітыкаў, кажа: «Я зрабіў гэта, бо мы павінныя нагадаць грамадству, што крэсла прэзідэнта займае злачынца».
19:40 Калі ўдзельнікі акцыі паспрабавалі паставіць іх на прыступкі, міліцыянты пачалі скідваць знічы нагамі.
19:45 Людзi пачынаюць паступова разыходзiцца. Мікалай Статкевiч пайшоу ставiць знiчы да сядзібы Міністэрства ўнутраных справаў. Святар, айцец Вiкенцiй, прачытаў малітву па закатаваных у савецкія часы ў падвале будынку МУС.
Ланцуг памяці ладзіцца пад сценамі КДБ ужо пяты год запар – і гэта толькі адна з акцыяў на гэтым тыдні, якія ладзяцца з нагоды Дня памяці палітычных рэпрэсіяў.
Менавіта ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ўва ўнутранай турме НКВД у Менску расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 22 літаратараў.
«У падвалах пад гэтым будынкам і ў турме за ім катавалі і забілі тысячы невінаватых людзей», – запрашаў на сёлетнюю акцыю Статкевіч.
За гадзіну да пачатку Ланцуга кандыдатка ў дэпутаты, сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая зладзіла каля скверу Дзяржынскага – насупраць будынку КДБ – агітацыйны пікет, прасвечаны ахвярам НКВД.
Сёння а 20:00 у мемарыяле Курапаты пройдзе акцыя памяці беларускіх дзеячаў, якія сталіся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў – «Ноч расстраляных паэтаў». «Белсат» вядзе наўпроставую трансляцыю.
ДД/КА belsat.eu