Настаўнікаў з аграгарадка звольнілі за асуджэнне гвалту сілавікоў


Днямі «Белсат» пісаў пра двух настаўнікаў з аграгарадка Добрая, якія запісалі відэазварот з асуджэннем брутальных дзеянняў сілавікоў і ўладаў. Яны таксама падтрымалі беларускіх мітынгоўцаў. Абодвух спікераў, Аляксандра і Наталлю Крушавых, звольнілі з працоўных месцаў паводле артыкулу.

Аляксандр Крушаў расказаў «Белсату» пра звальненне. Мужчына лічыў, што ім дадуць вымову, але пакінуць на працы.

«Пачатак працоўнага дня ні чым не адрозніваўся ад папярэдняга. У сярэдзіне пятніцы прыйшла калега і прапанавала схадзіць да дырэктара і папрасіць «літасці» ды папрасіць прабачэння. Мы з Наталляй Мікалаеўнай не прынялі гэтую прапанову. У канцы працоўнага дня мяне запрасілі ў кабінет дырэктара, дзе «вынеслі прысуд».

Настаўнік Аляксандр Крушаў. Фота з архіву суразмоўцы

Паводле Аляксандра, гутарка з начальствам прайшла спакойна і без эмоцый. Дырэктарка зачытала пратакол аб звальненні. На просьбу прадставіць копію, сказала: «мы не павінны вам нешта прадстаўляць». Аляксандру з Наталляй выдалі працоўную кніжку і адпусцілі.

Афіцыйнай падставай для звальнення назвалі прагул (настаўнікі выйшлі на агульнанацыянальную забастоўку 26 кастрычніка – Заўвага belsat.eu), а таксама тлумачальную запіска прагулу, у якой настаўнікі патлумачылі сваю пазіцыю, выхаду з прафсаюзу і невыкананне абавязкаў (якіх, не ўдакладняецца).

Так выглядае працоўная кніжка Аляксандра Крушава пасля звальнення
Так выглядае працоўная кніжка Аляксандра Крушава пасля звальнення
Так выглядае працоўная кніжка Аляксандра Крушава пасля звальнення

Аляксандру Крушаву 23 гады і ў яго двое дзяцей – 2-гадовы Іван і 9-месячны Цімафей. Застацца без працы для маладога бацькі праблема, але здавацца ён не збіраецца.

«Запісваючы відэазварот, мы былі гатовыя да рэпрэсіяў. Але праз некалькі дзён мы пераканалі сябе, што працы нас не пазбавяць. Мы памыліліся. Не скажу, што звальненне мяне засмуціла. Я ведаю, што не зрабіў нічога дрэннага», – кажа Аляксандр.

Аляксандр адзначае, што ягоная спецыяльнасць дазваляе знайсці працу ў інтэрнэце.

«Я просты вясковы хлопец і не думаў, што давядзецца шукаць яе там. Безумоўна, сіл надае надзея на тое, што неўзабаве падзе гэты рэжым, і я змагу працягнуць працу з дзецьмі. Я б хацеў звярнуцца да калег і сказаць ім: не бойцеся! Калі вас непакоіць пытанне, ці варта гэта таго, то скажу вам са стоадсоткавай пэўнасцю, што варта».

 

Ганна Вашчанка belsat.eu

Стужка навінаў