Сёння стала вядома, што ўлады зарэгістравалі прыватны ўніверсітэт, навучанне ў якім будзе весціся па-беларуску. Гісторык Алег Трусаў, які імаверна стане рэктарам установы, распавёў «Белсату», якія факультэты адкрыюцца першымі і калі студэнты пачнуць навучанне.
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны – заснавальнік Нацыянальнага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча – пасведчанне аб юрыдычнай рэгістрацыі ўстановы атрымала яшчэ 15 сакавіка.
«Дзяржаўныя органы зарэгістравалі нас, усе дакументы на руках», – распавядае «Белсату» былы старшыня ТБМ Алег Трусаў, якога арганізацыя намінавала на пасаду рэктара новай вучэльні.
«Гэта будзе звычайны прыватны ўніверсітэт – такі ж, якіх у краіне ўжо каля дзесяці. На пачатку ў ім з’явяцца тры факультэты – гуманітарны, сацыялогіі і мастацтваў і факультэт філалогіі, замежных моваў і перакладаў. Мы будзем рыхтаваць нацыянальную эліту – культуролагаў, гісторыкаў, перакладчыкаў, дыпламатаў, журналістаў, людзей, якія маюць нацыянальную свядомасць. Без гуманітарнай інтэлігенцыі нацыя не існуе. Тэхнічная інтэлігенцыя – таксама важная, але гэта другасны момант», – кажа Алег Трусаў.
Паводле навукоўца, тэхнічныя спецыяльнасці могуць з’явіцца ўва ўніверсітэце не раней, чымся праз некалькі гадоў.
Каб атрымаць ліцэнзію, універсітэт павінен здаць у Міністэрства адукацыі адмысловы набор дакументаў, падрыхтоўку якіх ТБМ ўжо распачало. Дзе будзе месціцца новы ўніверсітэт – пакуль невядома, але будынак, паводле Трусава, знайсці не праблема.
«Будынкаў навалам, улады кажуць: «забірай любы». Спачатку трэба атрымаць ліцэнзію, знайсці грошы і пачынаць працаваць», – працягвае Алег Трусаў.
Паводле Алега Трусава, на функцыянаванне універсітэта патрэбныя $ 7–8 мільёнаў. Шукаць грошы на новую вучэльню арганізацыя плануе як у Беларусі, гэтак і за мяжой.
«Фундатарамі ўніверсітэта можна назваць саміх студэнтаў – навучанне ў ім будзе платнае. Мы плануем атрымаць як дзяржаўныя, гэтак і замежныя гранты, будзем звяртацца ў Еўразвяз, да Усходняга партнёрства. Адным словам, будзем рабіць так, як робяць прыватныя ўніверсітэты», – кажа Алег Трусаў.
ВНУ будзе арыентавацца на беларускамоўнае навучанне і не плануе адкрыцця англамоўных праграмаў для патэнцыйных студэнтаў з-за мяжы.
«Набіраць мы будзем любых студэнтаў – хоць кітайцаў, хоць малдаванаў, – але вучыць будзем па-беларуску», – дадае Трусаў.
Паводле нашага суразмоўцы, універсітэт адкрыецца праз год. Сёлета з 1-га кастрычніка ТБМ плануе адкрыць падрыхтоўчыя курсы для будучых студэнтаў.
Дзяніс Дзюба