Актывістка палітычнага штаба Аляксея Навальнага Лілія Чанышава падала ў суд Санкт-Пецярбургу іск супраць адміністрацыі сацыяльнай сеткі «Вконтакте» праз выдаванне асабістай інфармацыі карыстальнікаў праваахоўным органам.
Як паведамляе выданне «Проект», сёлета намеснік начальніка Цэнтру па супрацьдзеянні экстрэмізму МУС РФ па Башкірыі накіраваў у адміністрацыю «Вконтакте» па электроннай пошце запыт і запатрабаваў раскрыць інфармацыю пра Чанышеву: час і дату стварэння старонкі, асабістыя дадзеныя пры рэгістрацыі, IP-адрас Чанышевой і іншых адміністратараў старонкі «Каманда Навальнага | Уфа». 30 студзеня сацыяльна сетка адправіла ўсе неабходныя звесткі.
Цяпер Чанышава патрабуе прызнаць дзеянні адміністрацыі сацсеткі незаконнымі, а таксама прысудзіць ёй кампенсацыю ў памеры 100 тыс. расейскіх рублёў.
«Асноўная мэта – прыцягнуць «Вконтакте» да адказнасці, каб астудзіць запал гэтай сацсетцы ў частцы незаконнага зліву асабістай інфармацыі і прыватнай перапіскі як у дачыненні да мяне, гэтак і ў дачыненні да іншых карыстальнікаў у будучыні», – падкрэсліла Чанышава ў інтэрв’ю «Проекту».
Як паведамляюць праваабаронцы, у выпадку Чанышевой МУС абгрунтавала неабходнасць атрымання інфармацыі спасылкамі на законы «Аб паліцыі» і «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці», але гэтага не было дастаткова, таму што гэтыя законы дазваляюць збіраць інфармацыю «выключна ў межах сваіх паўнамоцтваў», або ў сувязі з расследаваннем злачынстваў.
Аляксей Навальны ў сваім блогу адзначыў, што «Вконтакте» заслужыла гэты суд:
«Калі розным «змагарам з экстрэмізмам», то бок гультаям, якія атрымліваюць зарплату за пошук у сеткі тых, хто Пуціна лае, захочацца атрымаць вашыя асабістыя дадзеныя з сеткі «Вконтакте», яны проста пішуць туды імэйлы: а дайце нам усю інфу на пэўнага чалавека. І ВК адразу прымае позу паслужлівасці: без праблемаў, вось вам усе дадзеныя».
ІІ, belsat.eu