На Віцебшчыне хлопец і ягоны бацька напалі на наведнікаў кавярні з бітай і нажом


Двух жыхароў Віцебскай вобласці (30-гадовага хлопца і ягонага бацьку) падазраюць у асабліва злосным хуліганстве – яны ўчынілі бойку ў кавярні.

«Устаноўлена, што ў ноч на 24 чэрвеня сын знаходзіўся ў кавярні пасёлку гарадскога тыпу Руба, дзе ўступіў у канфлікт з кампаніяй маладых людзей. Для аказання дапамогі ён выклікаў бацьку, які прывёз з сабой біту і нож. Пасля двух гадзінаў ночы ў кавярні адбылася бойка, у выніку якой бацька і сын, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, з хуліганскіх меркаванняў, выкарыстоўваючы малазначную нагоду ў выглядзе канфлікту, што меў месца раней, бязладна наносілі ўдары наведнікам. З траўмамі рознай цяжкасці, у тым ліку нажавым раненнем, у медычную ўстанову дастаўлена чатыры чалавекі ва ўзросце ад 21 да 26 гадоў, якім аказваецца медычная дапамога», – гаворыцца ў паведамленні на сайце Следчага камітэту.

Пазней бацька і сын былі затрыманыя міліцыяй. Раней яны ўжо прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

Пры гэтым, 30-гадовы сын, з мэтай пазбегнуць крымінальнай адказнасці, раніцай 24 чэрвеня самастойна звярнуўся ў медычную ўстанову з траўмай галавы, а потым у міліцыю з заявай аб прыцягненні да адказнасці неўстаноўленых асоб, якія збілі яго ў кавярні.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў