У памежнікаў і ветэрынараў – розныя версіі лёсу канфіскаваных на беларуска-украінскай мяжы птушак.
9 лютага на дарозе Глушкевічы – Мікашэвічы мазырскія памежнікі спынілі ў памежнай зоне Opel, якім кіраваў 38-гадовы жыхар Баранавічаў. У аўтамабілі аказалася больш за 440 птушак – амадынаў, хвалістых і німфавых папугаяў ды разэлаў. Дакументаў на іх не было.
Праз падазрэнне ў кантрабандзе памежнікі канфіскавалі птушак і распачалі праверку.
У 2008 годзе падобны прэцэдэнт скончыўся спальваннем канфіскаваных птушак. Тады, гэта патлумачылі пагрозай птушынага грыпу:
«Мы не сталі рызыкаваць. Птушак усыпілі, а затым спалілі ў спецыяльнай печы. Цяпер ад іх засталася жменька попелу», – заявіў тады прадстаўнік ветслужбы Берасцейскай мытні.
Ні да, ні пасля ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнага выпадку птушынага грыпу.
Лёсам канфіскаваных на гэтым тыдні папугаяў занепакоілася беларуская партыя «Зялёных»:
«Прэс-афіцэр Памежнага камітэту паведаміў нам, што птушкі перададзеныя гаспадару. Гаспадар аштрафаваны. Адначасова мы тэлефанавалі ва Упраўленне дзяржветнагляду на дзяржаўнай мяжы і транспарце», дзе нам паведамілі, што птушак перадалі ў Лельчыцкую ветэрынарную службу», – распавядае Настасся Дарафеева з партыі «Зялёных».
Эколагі прапанавалі ветэрынарам дапамогу ў апецы над канфіскаванымі птушкам:
«Уладзімір Піліпончык з ветнагляду сказаў, што ў такім выпадку птушкі падлягаюць знішчэнню. Мы запыталіся пра кармленне, бо нашыя валанцёры гатовыя даць корм і інструкцыі, як птушак карміць. Нам адказалі, што іх не абавязаныя карміць: гэта справа гаспадара».
«Пра гаспадара мы нічога не ведаем, памежнікі не даюць ніякай інфармацыі. Імаверна, гэта кантрабандыст, які спрабаваў нелегальна ўвезці іх у Беларусь», – кажа Дарафеева. Інфармацыю ёй параілі чакаць у крымінальных навінах па тэлебачанні:
«У Лельчыцкай ветслужбе нам заявілі, што лёс птушак будзе вырашаны заўтра і параілі глядзець «Зону Х» – мы спрабуем зразумець, што б гэта азначала», – кажа Настасся Дарафеева.
Жанчына дадае, што «Зялёныя» прапануюць памежнікам аддаць птушак у дзіцячыя дамы або іншыя адукацыйныя ўстановы, батанічныя сады ці нават заапаркі. Валанцёры партыі гатовыя прымаць удзел у далейшым лёсе жывёлаў.
Спрабуючы разабрацца ў сітуацыі, «Белсат» звязаўся з Мазырскім памежным атрадам. Каментар там даваць адмовіліся:
– Без каментароў.
– Чаму?
– Не ўпаўнаважаныя.
– А хто ўпаўнаважаны?
– У вас яшчэ нешта?
– Хто можа даць інфармацыю, што цяпер з птушкамі?
(Кладуць слухаўку.)
Галоўны ветэрынар Лельчыцкай ветслужбы кажа, што птушкі ў яго:
«Жывыя, здаровыя, ядуць, пʼюць вадзічку. Далей без каментароў».
Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю спецыялістаў грамадскага абʼяднання «Ахова птушак Бацькаўшчыны»:
«У Мазыры былі затрыманыя, напрыклад, разэлы, якія ахоўваюцца СІТЭС (Канвенцыяй пра міжнародны гандаль відамі дзікай флоры і фаўны, што знаходзяцца пад пагрознай знікнення. – «Белсат»), а Беларусь падпісала гэту канвенцыю. Шкада, калі спаляць нават звычайных папугаяў, але калі спаляць рэдкіх птушак – гэта, наагул, крымінал», – кажа арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі.
З мінулага года ў Беларусі ўведзена крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі і праваахоўныя органы надзелены правам складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях паводле арт. 15.45 КаАП РБ.
ДД; фота: Дзяржаўны памежны камітэт