МЗС заклікае беларусаў адмовіцца ад паездак за мяжу


МЗС Беларусі дапамог тысячам грамадзянаў нашай краіны з вяртаннем на радзіму. Пры гэтым, як падкрэслівае Міністэрства, яшчэ тысячы беларусаў апынуліся ў складанай сітуацыі за мяжой у сувязі з абмежаваннямі, што ўвялі краіны праз каронавірус.

У найбольш складаным становішчы апынуліся беларускія грамадзяне, якія знаходзяцца ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Больш за 100 чалавек не могуць вярнуцца з Гоа і Шры-Ланкі. МЗС Беларусі з дапамогай дыпламатычных місіяў Расеі вырашыў пытанне з вяртаннем суайчыннікаў з Тайланду. Беларусы прыбудуць у маскоўскі аэрапорт «Внуково».

Агулам, паводле падлікаў дыпламатычнага ведамства, больш за 1 500 беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, могуць апынуцца ў складанай сітуацыі з вяртаннем на радзіму. МЗС аказаў дапамогу з вяртаннем у Беларусь 2 500 грамадзянам.

Пры гэтым, паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту, толькі за апошнія 3 дні за мяжу выехала каля 11 тысячаў беларусаў. У МЗС настойліва раяць абмежаваць паездкі без асаблівай неабходнасці.

«Грамадзяне, якія ажыццяўляюць падобныя крокі, павінны аддаваць сабе справаздачу, што робяць яны гэта на свой страх і рызыку», – адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.

У Міністэрстве спорту і турызму 19 сакавіка распавялі, што дапамога ў вяртанні ў Беларусь патрэбная каля 8 000 турыстаў, якія набывалі пуцёўкі ў турфірмах і сутыкнуліся з закрыццём межаў праз каронавірус.

Hавiны
Улады распавялі, колькі беларускіх турыстаў чакае на дапамогу па вяртанні ў Беларусь
2020.03.19 13:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў