Мядзведзеў прыгразіў Беларусі разборкамі за нядобрасумленную канкурэнцыю


Расея пачне разбірацца, калі Беларусь будзе надалей займацца нядобрасумленнай канкурэнцыяй. Пра гэта расейскі прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў заявіў падчас наведвання Шчэрбінскага ліфтабудаўнічага заводу.

Па словах Мядзведзева, «канкурэнцыя – гэта добра». Пры гэтым прэмʼер адзначыў, што, калі канкурэнцыя нядобрасумленная, то «гэта падстава для таго, каб разбірацца», паведамляюць «РИА Новости».

«Усякая кааперацыя павінна быць узаемная, інакш навошта яна патрэбна. У нас рынак адзіны. Калі б у нас не было адзінага рынку, то і не было б праблемаў», – дадаў Дзмітрый Мядзведзеў.

Прэмʼеру на ліфтавым заводзе паведамілі, што галоўным канкурэнтам расейскага прадпрыемства зʼяўляецца Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання, які мае сурʼёзнае падтрыманне з боку беларускай дзяржавы.

Па словах Мядзведзева, сітуацыя на рынку будаўнічай тэхнікі павінна адпавядаць агульнаэканамічным правілам для таго, каб пазбегнуць дэмпінгу з боку замежных канкурэнтаў. Прамое падтрыманне і дэмпінг супярэчаць правілам Сусветнай гандлёвай арганізацыі, нагадаў ён.

ВІДЭА
Мінус $ 8 мільярдаў. Як Менск гандлюе з Масквою
2019.02.05 12:34

СК, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў