Мінус $ 8 мільярдаў. Як Менск гандлюе з Масквою


У 2018 годзе асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі па-ранейшаму заставалася Расея. Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, у студзені – лістападзе мінулага года супольнае тавараабарачэнне дасягнула $ 32,52 млрд, пры гэтым экспарт з Беларусі склаў толькі $ 11,82 млрд, а імпарт з Расеі – $ 20,7 млрд. Такім чынам, адмоўнае сальда для нашай краіны было $ 8,88 млрд.

Варта адзначыць, што ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года экспарт з Беларусі вырас толькі на 0,2 %, а вось імпарт з Расеі павялічыўся ажно на 18,4 %.

З іншымі краінамі ЕАЭС гандаль Беларусі быў нязначны. Гэтак, з Казахстанам нашая краіна нагандлявала на $ 831,65 млн (дадатнае сальда для Беларусі склала $ 626,2 млн), з Кыргызстанам – на 113,82 млн (+ 96,02 млн), Арменіяй – на $ 45,83 млн (+ 22,5 млн).

А вось беларускае тавараабарачэнне з краінамі Еўрапейскага Звязу ў параўнанні з імі было ў некалькі разоў большае. Напрыклад, з Вялікай Брытаніяй Беларусь нагандлявала на $ 3,13 млрд (+ 2,56 млрд), з Нямеччынай – на 3,01 млрд (- 302,31 млн), з Польшчай – на 2,34 млрд (+ 140,48 млн), з Літвой – на 1,39 млрд (+ 743,33 млн), з Нідэрландамі – на 1,65 млрд (+ 1,07 млрд).

Агулам беларускае тавараабарачэнне з 27 краінамі ЕЗ склала $ 15,9 млрд. З іх на беларускі экспарт прыпала 9,48 млрд, на імпарт – 6,43 млрд. Дадатнае сальда дасягнула $ 3,05 млрд.

З краінаў па-за ЕЗ і ЕАЭС асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі была Украіна, тавараабарачэнне з якой склала $ 5,06 млрд з дадатным сальда ў памеры $ 2,51 млрд. З Кітаем Беларусь летась нагандлявала на $ 3,31 млрд, але сальда склалася адмоўнае – у памеры $ 2,43 млрд.

Агульнае тавараабарачэнне Беларусі з іншымі краінамі склала $ 65,68 млрд з адмоўным для Беларусі сальда $ 4,12 млрд. Такім чынам, планы ўладаў Беларусі дыферсіфікаваць замежны гандаль гэтак, каб траціна тавараабарачэння прыходзілася на Расею, траціна – на ЕЗ і траціна – на іншыя рынкі, пакуль не рэалізоўваюцца. На ЕЗ цяпер прыпадае толькі 24,2 % агульнага тавараабарачэння, а на Расею – ажно 49,5 %.

Перспектывы дасягнуць запланаванай прапорцыі вельмі не простыя, і прычыны гэтага не толькі ў эканоміцы, заявіў у каментары Belsat.eu старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Гэтак, адзначыў ён, Расея ёсць для Беларусі крыніцай вуглевадародаў. «Істотна зменшыць пастаўкі нафты і газу з Расеі, знайсці нейкія альтэрнатывы – задачы наўрад ці рэальныя ў бліжэйшыя гады», – мяркуе эканаміст.

Што да павелічэння долі ў ЕЗ, то, на ягоную думку, пытанне таксама не толькі ў пераарыентацыі на іншы рынак, бо еўрапейскія рынкі дастаткова моцна закрытыя для паставак з іншых краінаў з прычыны сертыфікацыі ды стандартызацыі. «І без пагаднення, падобнага да таго, што ёсць ва Украіны з Еўропай, зялёнага святла беларускай прадукцыі Еўропа таксама не дасць. А чакаць такога пагаднення аб асацыяцыі ў бліжэйшы час не варта з відавочных палітычных прычынаў», – заявіў суразмоўца.

Таму, мяркуе Вадзім Іосуб, доля Расеі, на якую завязаная прыкладна палова ўсяго замежнага гандлю Беларусі, наўрад ці зменшыцца ў агляднай будучыні. Калі не прагназаваць ужо зусім сур’ёзных палітычных канфліктаў паміж РФ і Беларуссю, падсумаваў эканаміст.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў