«Мы ўсе шакаваныя». Версіі знікнення 2-гадовага хлопчыка на Берасцейшчыне, якога шукаюць ужо два дні


У вёсцы Любашкі Камянецкага раёну, што на Берасцейшчыне, знік маленькі Ваня Валошын. Хлопчыку ўсяго год і 11 месяцаў. Паводле маці, удзень 10 красавіка ён сышоў з дому ў невядомым кірунку. Цяпер валанцёры атраду «Анёл» разам з міліцыяй і МНС працягваюць пошукі.

У вёсцы Любашкі жыве ўсяго каля 50 чалавек. Тут няма школы і паштовага аддзялення, бліжэйшыя крамы – у вёсцы Дзмітравічы. Тут жа – сельскі выканкам. Аднак за апошнія два дні сюды прыехала шмат людзей з усёй вобласці: шукаюць Ваню Валошына.

Увечары 10 красавіка ягоная маці, 19-гадовая Алена Валошына, паведаміла ў Камянецкі РАУС, што сын сышоў з дому і не вярнуўся. Хлопчык быў апрануты ў сінюю спартовую кофту з чырвонымі палоскамі. Нягледзячы на юны ўзрост бацькоў (мужу Алены споўнілася 20), у сям’і Валошыных ужо чацвёра дзяцей – гэтак прынята ў ромаў, нацыянальнай меншасці, якую яны прадстаўляюць.

У Дзмітравіцкім сельсавеце нам распавялі, што бацька Вані, Віктар, зарэгістраваны ў суседняй вёсцы Чарнакі. Ён працуе жывёлаводам у гаспадарцы «Савушкіна пушча», яна – у дэкрэце. У Любашкі маладая сям’я пераехала восенню 2016 года. Тут жа жывуць і бацькі Алены.

Фота: mvd.gov.by

Калі стала вядома пра знікненне дзіцяці, усе сілы на пошукі кінулі рэгіянальныя валанцёры пашукова-выратавальнага атраду «Анёл» з Кобрына, Баранавіч і Берасця. Яны каардынуюць свае дзеянні з міліцыяй і працаўнікамі МНС, якія таксама знаходзяцца на месцы. Агулам хлопчыка шукаюць больш за 70 чалавек.

«Як дзіця ў год і 11 месяцаў магло далёка сысці само? Ён бы плакаў… Мы ўсе шакаваныя», – коратка сказала belsat.eu адна з супрацоўніц Дзмітравіцкага сельсавету.

12 красавіка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў сувязі са знікненнем дзіцяці.

Старшыня вёскі Любашкі Вячаслаў Русакевіч адзначае, што «сітуацыя вельмі цікавая», але каментаваць падрабязна адмаўляецца. Пры гэтым, паводле Русакевіча, раней ніякіх праблем з сям’ёй Валошыных не ўзнікала, міліцыя імі таксама не цікавілася.

«Створаныя камісіі, пошукавыя групы, але пакуль вынікаў няма», – кажа ён.

Каардынатар атраду «Анёл» з Берасця, Кірыл, распавёў belsat.eu, што валанцёры не толькі пільна праглядаюць вёску і ваколіцы, але і дзяжураць ля бліжэйшых чыгуначных станцыяў. У саміх Любашках правяраюць кожную закінутую хату, выкарыстоўваюць дроны і цеплавізары. Тэрыторыю вакол вёскі падзялілі на ўчасткі – квадраты. Дарэчы, вялікага ляснога масіву побач няма, збольшага палі.

«На дадзены момант мы ўжо закрылі некалькі квадратаў, прайшлі больш за 10 кіламетраў. З «Анёлу» тут застаюцца 15-20 валанцёраў, астатнія – міліцыя, ратавальнікі. Мы прачасалі больш за 150 гектараў зямлі, частка калег маніторыць вуліцы ў Берасці, Кобрыне», – гаворыць Кірыл.

Што датычыць версіяў знікнення Вані, у валанцёраў на сённяшні дзень ёсць дзве асноўныя.

«Першая – ён проста заблукаў недзе ў раёне вёскі, другая – ён можа знаходзіцца ў цягніках, электрычках, жабраваць. Але, у той жа час, ён не мог далёка сысці – занадта маленькі…»

Звязацца з бацькамі зніклага хлопчыка нам пакуль не ўдалося.

У верасні 2017 года ў вёсцы Новы Двор на Гарадзеншчыне знік 10-гадовы Максім Мархалюк. Актыўная фаза пашуковай аперацыі трывала каля месяцу, але міліцыя і валанцёры «Анёлы» дагэтуль не пакідаюць надзеі знайсці Мархалюка: яго абвясцілі ў міжнародны вышук.

КА belsat.eu

Стужка навінаў