«Мы не змагаемся за роўныя правы». У Беларусі заснавалі Саюз праваслаўных жанчын


30 сакавіка ў Менску адбыўся ўстаноўчы сход рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз праваслаўных жанчын». На ім прысутнічалі прадстаўнікі ўладаў, царквы і праваслаўныя жанчыны з рэгіёнаў Беларусі. Узначаліў сход епіскап Бараўлянскі Ігнат.

Сход Саюзу праваслаўных жанчын.
Фота: nevsky.by

Беларускі саюз праваслаўных жанчын створаны пры падтрымцы Сінадальнага аддзелу БПЦ з узаемаадносін Царквы і грамадства. Яго мэтамі зʼяўляюцца актыўны ўдзел праваслаўных жанчын у духоўна-маральным, грамадска-палітычным, адукацыйным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны, паведамляе nevsky.by.

Старшынёй аб’яднання стала педагог-псіхолаг, выкладчыца французскай мовы Таццяна Баршчэўская.

Hавiны
Прэзідэнтам Славакіі ўпершыню абраная жанчына
2019.03.31 10:21

На з’ездзе, у прыватнасці, быў зачытаны зварот старшыняў праўлення Міжнароднага Саюзу праваслаўных жанчын з цэнтрам у Маскве.

«У адрозненне ад феміністак мы не змагаемся за роўныя правы, роўныя магчымасці з мужчынамі. Мы адстойваем традыцыйную сямʼю, якая складаецца не з выпадковых сужыцеляў, а з кахаючых мужа і жонкі, мы змагаемся за жанчыну-маці», – гаворыцца ў звароце.

У сваю чаргу мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел выказаў надзею, што Саюз з часам стане значнай і аўтарытэтнай грамадскай сілай у краіне. На яго думку, арганізацыя мусіць быць прадаўжальніцай традыцый хрысціянскага жаночага сацыяльнага служэння, сярод якіх – дабрачыннасць, абарона жыцця чалавека да нараджэння, падтрыманне адукацыйных, асветніцкіх, культурных ініцыятыў дзеля адраджэння ў грамадстве евангельскіх каштоўнасцяў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў