Мужчына з інваліднасцю скардзіцца ў ААН на гарадзенскае ДАІ


Юры Лакціёнаў ужо амаль год спрабуе абскардзіць рашэнне гарадзенскага ДАІ пазбавіць яго правоў кіроўцы. Пасля адмовы Вярхоўнага Суда, гарадзенец вырашыў звярнуцца ў камітэт ААН па правах чалавека.

ДТЗ, у якое трапіў Юры Лаціёнаў здарылася летась 21 сакавіка. Як распавядае гарадзенец, калі ён разварочваўся, іншы кіроўца не змог затармазіць на слізкай дарозе і ўрэзаўся ў іншую машыну. На шчасце ніхто не пацярпеў і пашкоджанне машыны было не крытычным.

Адказ з Вярхоўнага Суда

«Тэхнічна вінаваты быў я. Я нават спачатку не заўважыў, што нешта здарылася. Пра аварыю, мне сказаў мой пасажыр. Я мог проста ўзяць ды з’ехаць, але я паступіў як нармальны чалавек. Спыніўся. Прызнаў сваю віну. Я думаў, што заплачу толькі штраф, але прыехалі супрацоўнікі ДАІ і сказалі, што за гэты выпадак мяне могуць на два гады пазбавіць правоў. Я ўзяў з працы хадайніцтва аб тым, што мне патрэбен асабісты транспарт для перамяшчэння, таму што я працую на двух працах у розных канцах гораду. Да гэтага я яшчэ далучыў пасведчанне аб ІІІ групе інваліднасці ў сувязі з цукровым дыябетам», – распавядае Юры Лакціёнаў.

У выніку разбіральніцтва Юрыя аштрафавалі ды пазбавілі правоў на 3 месяцы. Гарадзенец вырашыў абскардзіць гэтае рашэнне.

Пакуль падаваў скаргі ў суды, скончыўся тэрмін даўніны

«У ДАІ проста памыліліся, але начальнік ужо не стаў нічога змяняць і праз гэта я падаў у суд. Акрамя таго, я знайшоў артыкул, паводле якога інвалідаў нельга пазбаўляць правоў за выключэннем выпадкаў алкагольнага ап’янення. Але суд гэта праігнараваў. Тады я падаў у абласны суд, яны таксама не задаволілі маю скаргу. Пасля я падаваў у Вярхоўны Суд двойчы. Потым я напісаў у Генеральную пракуратуру, але мне напісалі, што тэрмін даўніны ўжо скончыўся і маю справу разглядаць не будуць, бо на адміністрацыйныя справы даецца паўгода. А як паўгода не пройдзе, калі я кожны раз падаю скаргу ў суды, а яны паўтары месяца яе разглядаюць?», – кажа Юры Лакціёнаў.

Не ўлічылі змякчальныя абставіны?

Юры ўжо 20 гадоў хварэе на цукровы дыябет, які стаўся прычынаю астэартрозу. У судовых адказах пазначаецца, што пазбаўленне правоў не пазбавіла яго магчымасці руху. Аднак сам мужчына лічыць, што тры месяцы без правоў заўважна паўплывалі на пагаршэнне ягонага здароўя.

«Некалькі разоў на год у часе хадзьбы, у мяне ўзнікаюць дастаткова моцныя болі. Гэта, па-мойму, дастатковая прычына, каб мне перасоўвацца на сваім транспарце, а не грамадскім. Таксама, калі паехаць у дыспансер, дзе я стаю на ўліку і ўзяць аналізы, – яны ўсе пагоршыліся, таму што графік парушыўся. Пры дыябеце вельмі важна, каб рэжым прыняцця ежы быў аднолькавы. Груба кажучы, як у арміі: тры разы ў дзень і ў акрэслены час. У сувязі з тым, што я тры месяца не мог ні на працу своечасова паспяваць, ні абед з’есці, рэжым парушыўся. І калі летась у мяне былі паказальнікі, як у здаровага чалавека, то зараз цукар у два разы пагоршыўся. Але сутнасць нават не ў гэтым. Як па мне, тут навідавоку проста нахабнае парушэнне сваіх жа ўласных законаў», – тлумачыць гарадзенец.

Юры цалкам кампенсаваў шкоду пацярпелым і яны не маюць да яго прэтэнзіяў. Гарадзенец вырашыў не закрываць вочы нядбайнасць беларускіх судоў і піша скаргу ў камітэт ААН па правах чалавека. Ён гаворыць, што галоўнае цяпер – прыцягнуць увагу да справы, каб такія памылкі не здараліся болей у дачыненні да іншых людзей, якія маюць інваліднасць.

«Гэта проста справа гонару. Правы я ўжо ў жніўні забраў назад. Але абурае такое стаўленне з боку дзяржаўных органаў. Такія сітуацыі могуць узнікаць у кожнага», – дадае Юры Лакціёнаў.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў