Міліцыянты патлумачылі, чаму затрымліваюць удзельнікаў пікетаў


У Міністэрстве ўнутраных справаў адрэагавалі на звароты аб тлумачэнні прычынаў затрыманняў удзельнікаў масавых акцыяў падчас выбарчай кампаніі. Сілавікі нагадалі, што масавыя мерапрыемствы падчас збору подпісаў могуць быць толькі ў форме пікетавання ў месцах, не забароненых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.

Міліцыянты тлумачаць, што з мэтай прафілактыкі парушэнняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах прадстаўнікі органаў унутраных справаў спачатку інфармуюць удзельнікаў пра недапушчэнне парушэнняў заканадаўства. А пазней асобаў, якія працягваюць парушаць парадак, прыцягваюць да адказнасці.

У МУС пераконваюць, што міліцыянты працуюць ва ўсталяванай форме адзення. Толькі ў некаторых выпадках кіраўнікі могуць прымаць рашэнне аб выкананні абавязкаў супрацоўнікамі ў цывільнай вопратцы, што не супярэчыць існаму заканадаўству.

І калі грамадзяне не маюць права на мірны пікет, то супрацоўнік міліцыі мае права прымяняць фізічную сілу і спецсродкі. У МУС дадаюць, што супрацоўнік органаў унутраных справаў павінен прадставіцца, паведаміць свае званне і прозвішча. Аднак гэтыя патрабаванні не распаўсюджваюцца на выпадкі неадкладнага спынення правапарушэнняў, затрымання асобаў, якія іх учынілі.

Грамадзяне якія лічаць, што былі парушаныя іх правы маюць права абскардзіць захады супрацоўнікаў міліцыі.

СК belsat.eu

Стужка навінаў