Міліцыя Смалявічаў затрымала цэлы клас школьнікаў


Сёння ў Смалявічах супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы ўвесь 11-ы клас гімназіі, які вяртаўся цэнтральнай вуліцай з рэпетыцыі выпускнога вальсу, паведаміла Ганна Севярынец.

«Хлопчыкаў пасадзілі за краты, дзяўчат на лаўкі, пераганялі з буса ў бус, прывезлі ў РАУС, камандавалі стаць тварам да сцяны. Дзякуй богу, жанчына ў РАУСе моцна здзівілася і спыталася: «Нашто вы сюды дзяцей прывезлі?» І іх выпусцілі», – напісала Ганна Севярынец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Адзін хлопчык сказаў: «А гэты бус я ведаю, ім выканкам яго выдзеліў, мы ў гэтым бусе на канцэрт з аркестрам два разы ездзілі».

«Наш смалявіцкі дзіцячы аркестр – лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў», – падкрэсліла Севярынец.

«Паколькі бацькі ўжо хадзілі ў РАУС з нагоды затрымання дзяцей і ім там сказалі, нібыта дзеці лаіліся матам на міліцыянераў, хачу адказна заявіць: гэтыя дзеці НЕ лаюцца матам.

Гэта самы моцны клас у Смалявіцкім раёне, з шостага класа яны штогод станавіліся «Класам года» гімназіі, у іх пяць (!) чалавек ідуць на залаты медаль, тры чалавекі з класа з’яўляюцца дыпламантамі абласной навуковай канферэнцыі школьнікаў, тут вучацца шматразовыя пераможцы раённых і абласных алімпіяд па вучэбных прадметах, чэмпіёны «Што? Дзе? Калі?» і пераможцы музычных спаборніцтваў. Гэта яшчэ трэба было пастарацца нарвацца менавіта на гэты клас», – напісала ў сваім Facebook пісьменніца і настаўніца.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў