Мікалай Статкевіч: Спецслужбы пераўтварылі Дзень Волі толькі ў свята, хаця заўсёды гэта быў дзень пратэсту


Мікалай Статкевіч

Лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч лічыць ганебнай сітуацыю, што склалася вакол святкавання Дня Волі – 2019.

Як распавёў палітык у інтэрв’ю belsat.eu, БНК фармальнае рашэнне наконт фармату адзначэння Дня Волі прыме ў чацвер, але сам Статкевіч не бачыць сэнсу ў далучэнні да арганізацыі канцэрту ў Горадні або ў Кіеўскім скверы ў Менску. Ладзіць асобныя акцыі БНК пакуль таксама не плануе.

Паводле Статкевіча, год таму частка дэмакратычнай апазіцыі фактычна «здала палітычны складнік Дня Волі, які быў заўсёды»: яны адмежаваліся ад пратэстнай акцыі на плошчы Якуба Коласа і засяродзіліся выключна на арганізацыі святочнага канцэрту, на якім самі забаранілі палітычныя лозунгі.

«Меншасць аргкамітэту насуперак агульнаму рашэнню пабегла дамаўляцца з чыноўнікамі і здала палітычны складнік, які быў заўсёды, які патрэбны, і падставілі тых, хто ўсё ж пайшоў на пратэстную акцыю. Год таму я напісаў, як адбудзецца БНР-101: навучаныя горкім досведам, БНК з гэтымі людзьмі, якімі невядома хто кіруе, у аргкамітэт не пойдзе. А без нас ім няма чаго прадаваць – няма на што мяняць свае канцэрты. Таму іх звыкла пашлюць на «бангалор» – і яны туды звыкла пойдуць. На жаль, мой прагноз спраўдзіўся. Адны пайшлі ў Кіеўскі сквер з другога боку Бангалору. А іншыя паехалі на мясцовы «бангалор» у Горадні», – кажа Статкевіч.

У Менску 24 сакавіка адбудзецца святочны канцэрт да Дня Волі

Статкевіч падкрэслівае, што абураецца паводзінамі не грамадскіх актывістаў, што ладзілі канцэрт і летась, і рыхтуюць сёлета, а менавіта палітычнай апазіцыяй.

«Трэба аддаць належнае беларускім спецслужбам – яны навучыліся працаваць. Яны, як і хацелі, пераўтварылі Дзень Волі ў апалітычнае «свята ў рэзервацыі», хаця заўсёды гэта было днём пратэсту і палітычнай акцыяй абароны незалежнасці, пагроза якой зараз зноў актуальная. Канцэртамі мы краіну не абаронім і не вызвалім. У наступным годзе, калі гэта так пакінуць, ужо і на Бангалор дазваляць не будуць. Але мы ім не дазволім», – заявіў ён.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары