Міхэіла Саакашвілі зноў асудзілі завочна. Цяпер яго прызналі вінаватым у нападзе на экс-дэпутата

Тбіліскі гарадскі суд прызнаў былога прэзідэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі вінаватым па справе аб збіцці дэпутата Валерыя Гелашвілі і завочна прысудзіў да 6 гадоў пазбаўлення волі. Гэта ўжо другі завочны прысуд экс-прэзідэнту.

Напад на Гелашвілі адбыўся ў 2005 годзе. Экс-дэпутата спынілі ў цэнтры Тбілісі супрацоўнікі МУС, вывалаклі яго з аўтамабіля і жорстка збілі. Гелашвілі з цяжкімі траўмамі трапіў у шпіталь. Крымінальная справа па гэтым інцыдэнце зноўку распачалі ў 2013 годзе, пасля змены ўлады ў Грузіі.

Раней Гелашвілі не раз заяўляў журналістам, што яго збіццё было асабіста арганізавана Саакашвілі, якога ён у 2005 годзе публічна абвінаваціў у амаральных учынках і захопе яго нерухомасці. Адным з галоўных сведак абвінавачвання ў судзе стала апанент Саакашвілі – былая старшыня парламента Грузіі Ніно Бурджанадзэ, якая нібыта чула аб планах расправы над экс-дэпутатам. Раней па справе Гелашвілі да 6 гадоў і 9 месяцаў пазбаўлення волі прысудзілі экс-кіраўніка МУС Грузіі Вано Мерабішвілі.

Гэта ўжо другі завочны прысуд Саакашвілі. Раней, сёлета ў студзені, гарадскі суд Тбілісі завочна прысудзіў Міхэіла Саакашвілі да 3 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі». Суд палічыў, што ў 2008 годзе Саакашвілі перавысіў паўнамоцтвы, калі памілаваў чатырох высокапастаўленых грузінскіх паліцэйскіх, раней асуджаных у якасці фігурантаў справы аб забойстве супрацоўніка «Аб’яднанага банка Грузіі» Сандра Гіргвлаяні. На думку суда, зроблена гэта было ў абыход камісіі па памілаванні.

Саакашвілі не прызнае віну ні па адной з крымінальных справаў і лічыць пераслед палітычным.

Міхэіл Саакашвілі кіраваў Грузіяй з 2004 (ён прыйшоў да ўлады ў выніку «Рэвалюцыі ружаў») да 2013 года. У гады яго прэзідэнцтва ў Грузіі былі праведзены шырокія эканамічныя і антыкарупцыйныя рэформы, якія многія эксперты лічаць самымі паспяховымі на ўсёй постсавецкай прасторы (за выключэннем краінаў Балтыі). У 2013 годзе палітык прайграў на выбарах і ў хуткім часе пакінуў Грузію. Пры новых уладах у дачыненні Саакашвілі і яго паплечнікаў былі распачатыя некалькі крымінальных справаў.

ІІ, belsat.eu, паводле «Інтэрфакс»

Hавiны