Міхаіл Мішусцін: Беларусь дасягнула дамоўленасцяў з Расеяй па аплаце энерганосьбітаў

Расейскі прэм’ер-міністр распавёў пра гэта падчас свайго візіту ў Беларусь, перадае БелТА.

Міхаіл Мішусцін. Фота – premier.gov.ru

Міхаіл Мішусцін заявіў, што Беларусь і Расея дамовіліся наконт коштаў на энерганосьбіты. Аднак падрабязнасцяў не раскрыў.

«Хацеў бы павітаць рашэнні, якія сёння былі прынятыя па нашых узаемным пытаннях, звязаных з аплатай энерганосьбітаў. Мы дасягнулі з вамі ўсіх дамоўленасцяў», – адзначыў Міхаіл Мішусцін.

Нагадаем, што ў снежні 2019 году Беларусь і Расея не здолелі дамовіцца наконт коштаў на газ і нафту. Тагачасны расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў, што калі Беларусь хоча купляць энерганосьбіты па ранейшых коштах, то мусіць працягнуць інтэграцыю з Расеяй. Перамовы расейскага ўраду з беларускім сталі прычынаю пратэстаў.

Святлана Ціханоўская галасуе ў Менску. 9 жніўня 2020 года. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Кандыдатка на прэзідэнта Беларусі Святлана Ціханоўская ў сваім Telegram-канале выказала пазіцыю наконт перамоваў з Расейскай Федэрацыяй.

«Я заўсёды гаварыла і паўтараю, што суверэнітэт не можа быць прадметам перамоў або гандлю. Я сумняваюся, што любыя рашэнні і дамовы, якія могуць быць падпісаны Лукашэнкам, будуць прызнаныя новым урадам. Прычына гэтага вядомая: народ адмовіў Лукашэнку ў даверы».

КТ belsat.eu

Hавiны