Менш за траціну беларусаў задаволеныя сваім станам здароўя


Большая частка беларусаў ва ўзросце 16 гадоў і вышэй ацэньвае стан свайго здароўя як здавальняючы і менш за траціну – як добры. Пры гэтым лепш сябе адчуваюць жыхары гораду, чым вёскі, вынікае са свежага зборніку Белстату «Сацыяльнае становішча і ўзровень жыцця насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Гэтак, на пачатак 2019 года 64% беларусаў ацанілі свой стан здароўя як здавальняючы, 27,5% як добры, а 8,5% як дрэнны.

У пачатку 2018 году 63,1% беларусаў казалі, што стан іхнага здароўя здавальняючы, 27,6% – добры, а 9,3% былі ім незадаволеныя. Невялікія адрозненні былі зафіксаваныя на пачатку 2017-га. У цэлым, апошнія тры гады гэты паказнік практычна не змяняецца.

Паводле даследавання, самымі здаровымі сябе лічаць жыхары Віцебскай вобласці. Там 32,9% жыхароў сказалі, што ў іх добрае здароўе. Менш за ўсё тых, хто лічыць сваё здароўе добрым, у Гомельскай вобласці – тут такі адказ далі толькі 18% апытаных.

Больш за ўсё незадаволеных сваім здароўем у Берасцейскай вобласці. Там 10,3% жыхароў, старэйшых за 16 гадоў сказалі, што іх здароўе дрэннае. Ніжэй за ўсё гэты паказнік у Гарадзенскай вобласці: толькі 7,3% жыхароў палічылі сваё здароўе дрэнным.

29,7% жыхароў беларускіх гарадоў ацэньваюць сваё здароўе як добрае, а ў сельскай мясцовасці – усяго 21,5%.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары