Медыкі будуць паведамляць міліцыянтам пра факты палавога жыцця школьніц


Пасля планавых медаглядаў медыкі будуць інфармаваць УУС пра факты палавога жыцця школьніц, якім няма 16-ці гадоў.

Пра гэта 15 лютага паведаміў на калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі начальнік аддзелу па супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Менаблвыканкаму Яўген Дубаневіч, піша Белапан.

Адказваючы на ​​пытанне педагогаў пра факты гутаркі навучэнцаў са следчымі пасля медагляду ў адным з ліцэяў Менскай вобласці, Дубаневіч пацвердзіў: такія гутаркі праводзіліся і не раз.

Ён растлумачыў, што гэта робіцца дзеля таго, каб выяўляць злачынствы супраць палавой недатыкальнасці няпоўнагадовых. Вядзецца пра артыкул 168 КК «Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту».

«Мы пастаянна вядзем дыскусіі з Міністэрствам аховы здароўя вакол гэтага пытання і спрабуем выпрацаваць агульную пазіцыю. І дамагліся свайго ў частцы, што датычыцца медычнай таямніцы. Калі вядзецца пра дзяўчынку 14-15 гадоў, то здзейснена злачынства, і ўрачэбная таямніца тут не працуе», – сказаў Дубаневіч.

Паводле яго словаў, медагляды дзяўчынак да 16 гадоў будуць праводзіцца штогод, і калі выявіцца, што дзяўчынка мела палавую сувязь, гінеколаг абавязаны паведаміць пра гэта наўпрост начальніку мясцовага УУС, каб інфармацыя не трапіла недзе яшчэ і не было грамадскага ганьбавання. Дзяўчынку накіруюць да медычнага псіхолага, які падрыхтуе яе да зносінаў са следчымі.

«Тады ўжо будзем гутарыць з дзяўчынкай, пытацца, чаму гэта здарылася, з кім. Добра, калі гэта па каханні з хлопчыкам. Нікога яшчэ за гэта не пасадзілі. Але бываюць выпадкі, што дзяўчынка апынулася ахвярай гвалту. Яна ў сілу свайго ўзросту пабаялася пра гэта каму-небудзь сказаць», – растлумачыў Дубаневіч.

Ён адзначыў, што «пад адзін грабянец усіх прычэсваць нельга, але па ўсіх выяўленых выпадкаў будзе праводзіцца правяранне».

«Пра такія працы і размовы будзе паведамляецца законным прадстаўнікам няпоўнагадовай. Ніхто самое дзіця на размову не павядзе», – запэўніў Дубаневіч.

Прадстаўнік УУС падкрэсліў, што завядзенне крымінальнай справы за палавое злачынства – вельмі працаёмкі працэс менавіта паводле доказу.

«Калі па наркотыках і крадзяжах, забойстваў у нас ёсць прадмет злачынствы, то тут – словы, словы, словы. Праводзіцца мноства экспертызаў, кожнае цяжкае злачынства супраць палавой недатыкальнасці становіцца на кантроль старшыні Следчага камітэту», – паведаміў ён.

Дубаневіч параіў педагогам за гутаркай пра палавую недатыкальнасць і бяспеку «не праводзіць мяжу па палавой прыкмеце».

«Статыстыка сведчыць, што хлопчыкі і дзяўчынкі становяцца ахвярамі педафілаў у роўнай ступені», – адзначыў прадстаўнік УУС.

Пра першае каханне распавядуць класныя кіраўніцы? У 9–11 класах уводзяць «Асновы сямейнага жыцця»

Ірына Турчына, БелаПАН

СК/belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары