Супраць «Медиа-Полесье» распачатая адміністратыўная справа: міліцыя палічыла, што адна з публікацыяў выдання нанесла шкоду «нацыянальнай інтарэсам краіны».
Падставай для адміністратыўнага пераследу стала публікацыя, якая была прысвечана кандыдаткі ў прэзідэнты Святлане Ціханоўскай. Заяву ў міліцыю напісала настаўніца Мікашэвіцкай СШ №2, дзе вучылася Ціханоўская, Іна Кухарава. Яна запатрабавала зняпраўдзіць інфармацыю пра тое, што яна вучыла Ціханоўскую і параўноўвала яе з жонкамі дзекабрыстаў (жонкамі ўдзельнікаў паўстання 1825 года ў Расейскай імперыі).
Выданне прызнае, што ў публікацыі была дапушчана недакладнасць. Аўтар артыкулу ў Мікашэвічах сустрэўся са шмат якімі землякамі Ціханоўскай і параўнанне з жонкамі дзекабрыстаў памылкова прыпісаў Кухаравай – насамрэч гэта сказаў іншы настаўнік. «Медиа-Полесье» ўжо рыхтавала абвяржэнне інфармацыі, але Кухарава ўжо звярнулася да праваахоўных органаў і тыя распачалі адміністратыўны пераслед.
Супраць выдання распачатая адміністратыўная справа паводле ч.3-1 арт.22.9 КаАП «Распаўсюд сродкам масавай інфармацыі інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена ў сродках масавай інфармацыі…». У міліцыі палічылі, што публікацыя пра Ціханоўскую нанесла шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, спрыяла нагнятанню сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і стварэнню панічных настрояў.
Рэдактар сайту Святлана Гарда лічыць, што адміністратыўны пераслед – гэта чарговая спроба ўладаў «задушыць незалежны рэсурс, у тым ліку эканамічнымі санкцыямі», паведамляе БАЖ. Пры гэтым, падкрэслівае Гарда, «Медиа-Полесье» ўжо апублікавала абвяржэнне і ўнесла праўкі ў артыкул пра Ціханоўскую.
ІІ belsat.eu