Масква ў галаве: што шукалі, слухалі ды глядзелі беларусы ў 2018 годзе


Неўзабаве скончыцца 2018-ты, і ўсе паступова падводзяць вынікі года. Не сталі выняткам і пошукавікі «Google» і «Яндэкс», якія склалі спісы шуканага, прагледжанага і праслуханага сёлета жыхарамі Беларусі.

У цэнтры пошуку – спорт і Расея

«Яндэкс» склаў спісы тэмаў, якія апынуліся ў цэнтры ўвагі беларусаў з 1 студзеня да 19 лістапада. Сярод іх жыхароў нашай краіны найбольш цікавіў спорт. Тры з чатырох першых месцаў пошуку займаюць менавіта спартыўныя падзеі – чэмпіянат свету па футболе (1-е месца), зімовая Алімпіяда ў Паўднёвай Карэі (2-е месца) і бой Нурмагамедава і Макгрэгара (4-е месца).

На другім месцы пасля спорту для жыхароў Беларусі ўнутрырасейскія падзеі – пажар у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў расейскім Кемераве (3-е месца), напад на каледж у акупаванай Керчы (5-е), прэзідэнцкія выбары ў Расеі (7-е) і павышэнне пенсійнага ўзросту ў Расеі (8-е).

З уласна беларускіх падзеяў беларусаў цікавілі толькі змена базавай велічыні (6-е месца) і ўвядзенне адзінай платы за карыстанне падручнікамі (10-е). Выглядае, што цікавасць беларусаў да Беларусі прыкладна на ўзроўні цікавасці да Месяца – ці прынамсі да яго зацьмення 27 ліпеня, якое паводле пошуку ў 2018 годзе заняло 9-е месца.

Бонсцікі – наша ўсё

А вось калі глядзіш топ-10 года сярод навінак, гонар за Беларусь бярэ. Другое месца заняла пятая калекцыя бонсцікаў ад «Еўраопту». Яна абагнала такія навінкі, як «Huawei P20 Pro» ды «Xiaomi Redmi Note 5».

Лепш за бонсцікаў для беларусаў сёлета быў толькі «Huawei P20 Lite». Пагадзіцеся, ёсць чым ганарыцца.

Сярод фільмаў беларусы сёлета шукалі перадусім персанажаў «Marvel». У топ-5 увайшлі адразу чатыры кінастужкі, знятыя на падставе марвелаўскіх коміксаў: «Мсціўцы: Вайна бясконцасці» (1), «Дэдпул 2» (2), «Вэнам» (4) і «Чорная Пантэра» (5).

Як складаюцца рэйтынгі

Пра спецыфіку таго, як адбіраюцца найбольш цікавыя для беларусаў тэмы, распавёў у каментары Belsat.eu дырэктар «Яндекс.Беларусь» Ягор Цыганок. Паводле яго, хоць цікавасць да той ці іншай тэмы «Яндексу» і вызначаецца па тым, як часта пра яе пытаюцца беларусы, выявіць тэмы года проста з увагі на лік запытаў не атрымаецца. У такім разе ў спіс людзей года траплялі б тыя, каго стабільна паказваюць па тэлевізары, а спіс падзеяў складаўся б са святаў і штогадовых спартовых спаборніцтваў.

«Каб знайсці тэмы, характэрныя для года, які сыходзіць, мы складаем рэйтынгі не паводле агульнай колькасці запытаў, а паводле велічыні хвалі цікавасці. «Памер» гэтай хвалі непрагназаваны ў пачатку года, бо мы з аб’ектыўных прычынаў не можам ведаць пра ўсе падзеі, якія могуць здарыцца. Пры гэтым у пачатку 2018 года мы разумелі, што ў лік папулярных запытаў у беларусаў трапяць, напрыклад, Алімпіяда і чэмпіянат свету па футболе, гучныя тэле- і кінапрэм’еры», – адзначыў Ягор Цыганок.

Музычныя густы беларусаў

Сэрвіс «Яндекс.Музыка» высветліў, пад якую музыку карыстальнікі з Беларусі правялі гэты год. Пры падліку ўлічваліся дадзеныя пра трэкі ды альбомы, якія выйшлі ў 2018 годзе.

Першае месца ў топе належыць літоўска-італьянскаму дуэту «Dynoro & GigiDʼAgostino» з танцавальным трэкам «In My Mind».

Беларускім выканаўцам года стаў Макс Корж. Яго сінгл «Пралетарка» таксама высока ацанілі слухачы. Больш папулярным сярод беларускіх трэкаў толькі Ціма Беларускіх з песняй «Мокрыя кросы». Прарывам года стаў расейскі рэпер Элджэй, а гуртом – амерыканцы з «Imagine Dragons».

Што «Яндэкс», што «Google»

А вось «Google» прадставіў спіс самых папулярных відэа года ў Беларусі. І калі ў кагосьці былі спадзевы, што рэйтынгі «Google» будуць моцна адрознівацца ад такіх у Яндэкса, дык ён моцна памыляўся. У топе на першым месцы камедыйны кліп Вадзіма Галыгіна і гурта «Ленінград» – «8 сакавіка». Другім у папулярнасці стала відэа з навучальнымі мультфільмамі ды песнямі для дзяцей. У топ-3 таксама ўвайшла пародыя Філіпа Кіркорава і Мікалая Баскава «Ibiza».

Сярод музычных відэа ў 2018 годзе лідарам у беларускіх карыстальнікаў «Youtube» стаў дуэт Ягора Крыда і Філіпа Кіркорава «Колер настрою чорны». Увогуле, у спісе ўсё тыя ж Артур Піражкоў, Loboda, Matrang і Kazka, разбаўленыя расейцамі LITTLEBIG і Тымаці ды ўжо ўзгаданымі Крыдам і Кіркоравым.

Перакрыжаванняў беларускіх топаў з самымі папулярнымі звычайнымі і музычнымі відэа свету ў беларусаў няма.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў