Марыя Калеснікава распавяла, дзе правядзе ноч пасля закрыцця выбарчых участкаў


Кіраўніца штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава распавяла карэспандэнту «Белсата» пра сваё затрыманне, настроі ў дзень выбараў і патлумачыла, навошта ёй чамадан.

У аб’яднаным штабе Святланы Ціханоўскай. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Учорашні вечар быў нервовым для ўсяго штаба. Марыю Калеснікаву затрымалі позна ўвечары, калі яна збіралася сустрэцца з сябрамі ў кафэ і павячэраць.

– Яны доўга высвятлялі хто я і ў якое РАУС мяне везці. Да гэтага я сядзела ў машыне прышпіленая, але дарогу перагарадзіў бус і мяне з ужываннем сілы высадзілі з машыны. Яны не змаглі назваць прычыну затрымання, таму я адмаўлялася з імі ехаць. Вырывала свой тэлефон, выкідвала на праезную частку, так што ездзілі без яго. Хвілін дзесяць мы каталіся, размаўлялі вельмі міла. Яны нават пажартавалі пра тое, што есці на ноч шкодна. «Мне не шкодна», – сказала я ім.

– Прадставіўся толькі адзін, размаўлялі вельмі ветліва, каля дзесяці хвілін вазілі мяне коламі і прапанавалі выпусціць дзесьці пасярод дарогі, калі стала ясна, што яны памыліліся. Але я сказала, што ехала да сяброў на вячэру і хацела б патрапіць туды. Адзін з іх спытаў, ці пазнаюць мяне на вуліцы. Кажу: зараз паглядзім. У адкрытае акно махала людзям і на самым пад’ездзе да кафэ людзі мяне ўбачылі і пачалі апладзіраваць.

У аб’яднаным штабе Святланы Ціханоўскай. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Марыя прызналася, што, мабыць, ёй прасцей чым яе калегам, бо яна прывыкла да публічнасці і ўключалася ў палітычную барацьбу свядома. Яшчэ тры месяцы таму яна ішла ў палітыку без ілюзіяў, а не для таго, каб прадстаўляць свайго блізкага чалавека, як давялося зрабіць Святлане Ціханоўскай і Вераніцы Цапкала.

«Я не адчуваю сябе чалавекам, які прыйшоў, каб упісаць сваё імя ў гісторыю Беларусі, хоць мне часта кажуць пра гэта. Я проста дала сваё абяцанне Віктару Дзмітрыевічу Бабарыку, і хачу яго выканаць», – адказала Марыя на пытанне аб тым, ці адчувае яна сябе ўплывовым чалавекам, чыё імя назаўжды ўпісанае ў гісторыю краіны.

У аб’яднаным штабе Святланы Ціханоўскай. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Марыя настроеная на працяглую палітычную барацьбу, у планах – стварэнне партыі. Але найважнейшае для яе цяпер – дамагчыся вызвалення палітычных зняволеных, Віктара і Эдуарда Бабарыкаў.

Нягледзячы на тое, што кіраўнік штаба Віктара Бабарыкі не ведае, чым скончыцца сённяшні дзень, яна не губляе духу. Каб падтрымаць яе, у штаб Віктара Бабарыка прыехаў яе бацька. Ён нават прывёз фірмовы пірог-маннік. Не выключана, што ў штабе прыйдзецца правесці бяссонную ноч.

«У мяне ёсць чамаданчык, у ім больш камфортнае адзенне, басаножкі, касметыка –перш за ўсё таму, што я разумела, што магу начаваць не дома і сёння застацца тут», – распавяла Калеснікава.

У аб’яднаным штабе Святланы Ціханоўскай. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Пры гэтым Марыя адзначыла, што ў апошнія тры месяцы ў яе вельмі добры сон. У адрозненне ад тых, хто супрацьстаіць пераменаў у краіне.

На выбарах прэзідэнта Беларусі, па дадзеных на 12:00, прагаласавала больш за 54% выбаршчыкаў.

«Выбары ў краіне адбыліся», – заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў ходзе наўпроставай відэатрансляцыі з ЦВК.

ММ/МВ Belsat.eu

Стужка навінаў