Марыя Калеснікава: «Прыходзіцца верыць толькі ў сябе»


Кіраўнічка штабу Віктара Бабарыкі ў традыцыйным стрыме распавяла пра план аб’яднаных штабоў, негвалтоўны супраціў і будучую агітацыю.

Ці ёсць план?

Марыя Калеснікава ў стрыме зазначыла, што такой сітуацыі, як зараз, у Беларусі ніколі не было: сталі расці пратэстныя настроі, улады пачалі губляць падтрыманне. На ейную думку, галоўная прычына – каронавірус і бяздзеянне ўладаў.

Марыя Калеснікава падчас стрыму.
Фота: скрыншот са стрыму

Калеснікава кажа, што людзі, якія не хадзілі раней на выбары, сталі палітычна актыўнымі. Большасць з іх – сярэдні клас. Улады напалохаліся, пачалі ціснуць на вулічны супраціў, арыштавалі Сяргея Ціханоўскага.

«Дзейная ўлада і традыцыйная апазіцыя – захопнікі шаблоннага мыслення, якое закладзенае сістэмаю адукацыі і савецкім выхаваннем. Сакральнасць рэвалюцыі 1917 года прывялі ўсіх да канкрэтнай высновы: магчымая толькі кардынальная змена ўлады пры адсутнасці сумленных выбараў. Высокая статыстыка негвалтоўных зменаў мала каго пераконвае. Каго ўвогуле ў гэтай краіне пераконвае статыстыка?», – зазначыла кіраўнічка штабу.

Аб’ектыў
Апанентак Лукашэнкі сустрэлі авацыямі
2020.07.19 23:11

Як штаб плануе змяніць уладу?

«Беларускае грамадства – не трывае гвалт, нават намёкі на яго. Змена ўлады ў бягучай сітуацыі доўгая, але рэальная гісторыя. Улада трымаецца на запалоханых людзях», — мяркуе Марыя.

Калеснікава заклікае бюджэтнікаў не маўчаць, падтрымліваць тых, хто выказваецца: словамі, грошамі, працаю. Выражаць сваю нязгоду, бо большасці на іх пляваць. Настойваюць на ўдзеле ў выбарах у асноўны дзень, каб стварыць «невыносную для фальсіфікацыяў атмасферу».

Участак 29 па другой выбарчай акрузе ў Берасці. Фота – «Белсат»

«Прыходзіцца верыць толькі ў сябе і ў такіх жа, як вы. Значна прасцей верыць у кагосьці: у штаб, правадыра, ЕЗ, Расею, ЗША. Што нехта прыйдзе і ўсё зменіць», – падкрэслівае Калеснікава.

Яна зазначае, што рэжым можа справіцца з Плошчаю, аднак доўгі і разнастайны пратэст яму не па зубах. Таму ў яго застаецца два шляхі: або рэформы і допуск людзей да кіравання, або стаць паліцэйскаю дзяржаваю.

«На рэформы патрэбныя смеласць, а на паліцэйскую дзяржаву – грошы. Ані таго, ані другога ў рэжыму няма».

Агітацыя

Марыя распавяла, што ўжо зараз рыхтуюцца агітацыйныя матэрыялы для Святланы Ціханоўскай. Марыя, Вераніка Цапкала і Святлана асабіста плануюць наведаць 20 – 30 гарадоў. Шмат пікетаў пройдзе без непасрэднага ўдзелу прадстаўніц штабаў. Агулам запланавана 160 пікетаў і мітынгаў.

Ад чацвера і пятніцы жанчыны пачнуць актыўна ездзіць па гарадах, зараз жа рашаюцца арганізацыя моманты і лагістыка. Марыя адзначыла, што яны вельмі хутка і скаардынавана працуюць. Яна падзякавала іншым штабам за дапамогу і супрацу ды папрасіла фінансава дапамагчы штабу Святланы Ціханоўскай.

Фота: ТК / Belsat.eu

Жаночая каманда – гэта моцна і пазітыўна

Пасля нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі, Святлана Ціханоўская стала найбольш верагодным партнёрам для наступных дзеянняў.

Марыя заклікае падтрымаць штаб. Яна падзякавала ўсіх тых, хто прыйшоў на іхныя пікеты ў Дзяржынску і ў Менску.

«Нас гэта так зарадзіла энергіяй! Вы нашая надзея. Ад вас залежыць нашая будучыня», – кажа прадстаўніца штабу Бабарыкі.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Марыя адзначыла, што яе з Веранікаю і Святланаю яднае адна мэта, яны могуць адэкватна размаўляць адна з адной. Часам яны разам пʼюць каву і абмяркоўваюць «жаночыя радасці».

«Мы знайшлі адна ў адной падтрыманне і апору. Жаночая каманда – гэта моцна і пазітыўна», – гаворыць Калеснікава.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў