Макей: Шкадуем, што Украіна выходзіць з СНД


Сяргей Лаўроў і Уладзімір Макей

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей мяркуе, што Украіна мусіць «усебакова разгледзець сваё рашэнне па выхадзе з Садружнасці незалежных дзяржаваў».

Адпаведную заяву міністр зрабіў 29 траўня ў Менску пасля перамоваў з расейскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым:

«Украіна мусіць узважыць усе »за» і «супраць«, што ёй будзе больш выгадна, ці заставацца ўдзельнікам пагадненняў (якія дзейнічаюць у СНД)».

Паводле Макея, беларускі бок мяркуе, што гэта права Украіны – выйсці са статутных органаў Садружнасці:

«Мы звярнулі ўвагу, што ў апошні час Украіна не прымала ўдзел у мерапрыемствах СНД на высокім, вышэйшым узроўні. Мы пра гэта вельмі шкадуем. <…> У любым выпадку, я магу сказаць, што мы вельмі шкадуем аб гэтым рашэнні (Украіны), таму што з нашага пункту гледжання СНД быў і застаецца добрай пляцоўкай для правядзення дыскусіяў па ўсім спектры пытанняў нашага супрацоўніцтва».

У сваю чаргу кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў адзначыў:

«Тут мы нічога зрабіць не можам. Часам у дзеяннях нашых украінскіх суседзяў здаровы сэнс і клопат аб уласных грамадзянах становяцца закладнікам у русафобскай лініі, робяцца заявы аб тым, што неабходна разарваць дыпламатычныя адносіны без усялякага клопату пра тыя сотні тысячаў і мільёнаў украінцаў, якія працуюць на тэрыторыі Расеі, робяцца заявы аб выхадзе з СНД».

Пры гэты Лаўроў заявіў, што Расея будзе зацікаўленая ўзаемадзейнічаць з усімі краінамі, якія стваралі СНД, таму што «ад канструктыўнага ўзаемадзеяння наўпрост залежыць рашэнне шматлікіх праблемаў і пытанняў, што тычацца жыцця і дзейнасці нашых грамадзянаў».

Беларусь ды Расея падпісалі «спартовы бязвіз»

Беларусь і Расея сёння падпісалі міжурадавае пагадненне па пытаннях, звязаных з уездам замежнікаў на міжнародныя спартовыя мерапрыемствы.

Згодна з дакументам, на час правядзення ў Расеі чэмпіянату свету па футболе для замежных заўзятараў будзе дзейнічаць бязвізавы рэжым на тэрыторыі Беларусі з 4 чэрвеня па 25 ліпеня. Расея ў сваю чаргу дазволіць у 2019 годзе ўязджаць і знаходзіцца без візы замежнікам, якія будуць ехаць у Менск на II Еўрапейскія гульні.

НМ, belsat.eu, паводле «Інтэрфакс»

Стужка навінаў