Макей не верыць, што канфлікт ува Украіне можна ўрэгуляваць у бліжэйшым часе


На думку міністра замежных справаў, для ўрэгулявання можа спатрэбіцца яшчэ адна сустрэча. Верагодна, за рамкамі Нармандскага фармату. Пра гэта заявіў Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі ў сталіцы Славеніі Любляне падчас свайго візіту ў 25-ю гадавіну ўсталявання беларуска-славенскіх дыпадносінаў.

«У нашым разуменні, на жаль, перспектыва ўрэгулявання крызісу на ўсходзе Украіны ў найбліжэйшай будучыні адсутнічае», – цытуе Макея прэс-служба МЗС.

Ён адзначыў, што для міру ў рэгіёне трэба, каб усе бакі беспярэчна выконвалі менскія дамоўленасці, чаго сёння няма.

«Калі мы бачым, што гэтага няма, значыць, магчыма, трэба падумаць аб арганізацыі яшчэ адной сустрэчы, можа быць, у тым жа самым «нармандскага фармаце», а, можа быць, з прыцягненнем іншых гульцоў, якая дазволіла б удасканаліць гэтыя дамоўленасці».

Макей падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра сустрэчу паміж Расеяй, Украінай і Беларуссю.

У заключэнне ён дадаў, што Беларусь зацікаўлена ў тым, каб гэты крызіс як мага хутчэй спыніўся.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў