Магілёў: Падтрымка Лукашэнкі забароненая!


Бунт супраць уладаў? Хутчэй страх перад адказнасцю за непрадбачаныя вынікі вулічнай акцыі.

45 ініцыятараў акцыі збіраліся правесці ў цэнтры гораду пікет. Яго мэтай мела быць «падтрымка Аляксандра Лукашэнкі за прыняцце закона аб дармаедах, вылучэнне яго на пяты прэзідэнцкі тэрмін, а таксама намінаванне на Нобэлеўскую прэмію міра – за пасярэдніцтва ў справе спынення агню ва Украіне».

«Пад заявай на правядзенне пікету на плошчы Леніна падпісаліся як простыя грамадзяне, так і актывісты «Белай Русі» і БРСМ. Былі і так званыя «дармаеды» – беспрацоўныя грамадзяне, аднак чыноўнікі нас не падтрымалі і забаранілі пікет», – цытуе аднаго з ініцыятараў акцыі Аляксея Паўлоўскага ПЦ «Вясна».

Пікет павінен быў адбыцца заўтра – 1 красавіка. І не выключана, што менавіта дата Дню смеху не дазволіла магілёўскім чыноўнікам сурёзна ўспрыняць дэкларацыю арганізатараў.

І, вядома, напужала прозвішча Аляксея Паўлоўскага. Чатыры гады таму будаўнік і дзеяч незалежных прафсаюзаў сам далучыўся да шэрагаў «дармаедаў». За абарону правоў працаўнікоў яго звольнілі з прадпрыемства «Прамжылбуд», якое ахвотна скарысталася магчымасцю не працягнуць з ім кантракт. Паўлоўскі сярод іншага выступаў супраць кантрактнай сістэмы, якая была ўведзеная замест бестэрміновых дамоваў. У выніку сам стаў яе ахвярай…

З таго часу ён не дае спакою чыноўнікам, увесь час выступаючы з ініцыятывамі, што ствараюць галаўны боль бюракратам. Бо ніколі да канца незразумела: ці гэты сурёзныя ідэі, альбо здзек. Пікет «падтрымкі для Лукашэнкі» гэта найлепшы прыклад, але дакладна не адзіны.

Два гады таму Паўлоўскі (а разам з ім больш за 20 жыхароў вёскі Стараград на Гомельшчыне) па-творчаму «падтрымаў» ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі, што тычылася атрымання з грамадзянаў 100 долараў мыта за кожны выезд з Беларусі. Улады меркавалі, што гэта паспрыяе таму, што беларусы будуць менш ахвотна выязджаць за мяжу за больш таннымі пакупкамі. Хутка прэзідэнцкая адміністрацыя атрымала ліст з прапановай, каб плацілі таксама за кожны… уезд у Беларусь.

«Тым больш, што будзе чэмпіянат свету па хакеі, з гасцей можна па 100, а з замежнікаў і па 1000 долараў, басоты нам не трэба, няхай вязуць паболей», – тлумачыў тады нашаму каналу Паўлоўскі.

Яго прозвішча вядомае таксама і міністру інфармацыі, генпракурору а таксама старшыні Грамадскай рады па маральнасці. Усе яны атрымалі з Магілёву афіцыйныя лісты з просьбай адрэагаваць на гучныя словы Лукашэнкі, які прыгразіў «адарваннем галавы» дырэктару аднаго з прадпрыемстваў, што не спраўляўся з абавязкамі. Паўлоўскі палічыў гэта «прапагандай гвалту» і запатрабаваў паўплываць на прэзідэнта з мэтай яго спыніць.

Гора з магілёўскім мулярам мела нават Нацыянальная акадэмія навук, якая мусіла патлумачыць яму сэнс некалькіх іншых выказванняў кіраўніка краіны. Паўлоўскі зацікавіўся, ці можна ўжываць выкарыстаныя Лукашэнкам у стасунку да іншых словы ў стасунку да… самога Лукашэнкі. І папрасіў адпаведнае тлумачэнне мовазнаўцаў.

Гаворка ішла пра «казла» – так Лукашэнка назваў былога кіраўніка Еўракамісіі Жузэ Мануэла Барозу. І пра іншыя скандальныя выразы: кіраўнік краіны калісьці казаў пра «вашывасць» украінскага кіраўніцтва (у часы прэзідэнта Януковіча), прадпрымальнікаў называў «вашывымі блохамі», апазіцыянераў – «пятай калонай».

Праз тры месяцы стараннага аналізу навуковыя супрацоўнікі Інстытуту мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук адказалі дапытліваму прадстаўніку працоўнага класу, што «усе пералічаныя словы» можна знайсці ў слоўніках сучаснай расейскай мовы. Там таксама можна знайсці і іх значэнні.

Ці варта ў такім выпадку здзіўляцца рашэнню магілёўскіх уладаў і іх нервовай рэакцыі? Яны ведаць Паўлоўскага і яго вынаходлівасць.

Цэзарый Галіньскі, belsat.eu

Стужка навінаў