«Людзі перасталі размаўляць пра выбары». Падсумаванне кампаніі ад палітолага, сацыёлага і журналістаў


17 лістапада ў жывым эфіры «Белсату» Ігар Кулей падсумоўвае выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з палітолагам Паўлам Усавым і сацыёлагам Андрэем Вардамацкім, а таксама нашым калегамі з розных гарадоў Беларусі.

Людзі перастаюць абмяркоўваць выбары

Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі заявіў, што згодна з апошнімі экспертнымі назіраннямі, колькасць інфармацыі аб выбарах, якая атрымліваецца людзьмі з міжасабістых стасункаў, змяншаецца, а з дзяржаўных крыніцаў – павялічваецца.

17 лістапада 2019 года. Мужчына аддае голас падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Фота – Xinhua / Zuma Press / Forum

Дзяржава будзе заўсёды супраць журналістаў

Каментуючы нядопуск на сустрэчу з кандыдатам Ігарам Марзалюком у Магілёве здымачнай групы «Белсату» і пазнейшы сюжэт на БТ, у якім наш канал абвінавацілі ў правакацыі, Павел Усаў выказаў упэўненасць, што ў інфармацыйнай вайне беларуская дзяржава заўсёды будзе супраць незалежных журналістаў.

«Рэакцыя Ігара Марзалюка паказвае, наколькі недэмакратычная гэтая асоба. Нават у звычайнай сітуацыі, можна было паказаць, што мы ладзім сустрэчы з выбарцамі і размаўляем з удзелам журналістаў нават «варожых каналаў». Гэта падыход рэпрэсіўны – і ў дачыненні да незалежных медыяў іншым не можа быць», – кажа Павел Усаў.

Паводле эксперта, дзяржава вынесла ўрокі з пратэстаў «дармаедаў», калі ў мабілізацыі грамадства найбольш актыўным былі журналісты – і менавіта на іх абрынуліся рэпрэсіі.

«Журналісты застаюцца на вастрыні інфармацыйнай вайны ўнутры Беларусі. Не трэба спадзявацца, што ўлады будуць ставіцца да тых асобаў, каналаў, якія падрываюць аўтарытарную сістэму інфармацыйнага вакууму, будуць ставіцца спакойна. Незалежныя медыі, журналісты і назіральнікі павінныя маўчаць. Або быць заткнутыя з дапамогай рэпрэсіяў», – дадаў Усаў.

Фальсіфікацыі – гэта не Ярмошына і не Лукашэнка

Адказваючы на пытанне, чаму ніхто з 30 тысячаў чальцоў выбарчых камісіяў не прызнаецца ў фальсіфікацыях, Павел Усаў адзначыў, што гэтыя людзі не разумеюць, дзеля чаго б яны мелі рызыкаваць.

«Сістэма фальсіфікацыяў працуе ўжо больш за 20 гадоў. І гэтая сістэма – не Лукашэнка і не Ярмошына. Гэта сістэма дробных, маленькіх, шэрых людзей – настаўнікаў, дырэктараў. Яна абапіраецца на апараце дзяржаўных служачых. Гэтыя дзяржаўныя служачыя падбіраюцца адмысловым чынам: у камісіі не трапяць людзі неправераныя, да якіх няма даверу», – кажа Усаў.

Паводле эксперта, важную ролю грае пачуццё прыналежнасці да калектыву.

«Яны ня хочуць рызыкаваць, яны не разумеюць, дзеля чаго рызыкаваць. І невялічкая частка з іх апраўдвае свае паводзіны тым, што яны робяць гэта на карысць дзяржавы, не разумеючы, што яны пазбаўляюць такім чынам сваіх дзяцей і Беларусь будучыні», – дадаў Усаў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў