Лукашэнка, Зяленскі, Пуцін і Трамп. Хто больш баіцца каронавіруса?


Беларусь – у цэнтры ўвагі свету ў сувязі з захадамі, якія прымаюцца, або дакладней – не прымаюцца, для барацьбы з каронавірусам. Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае арыгінальныя метады лячэння і прафілактыкі эпідэміі, дзяржава застаецца з адкрытымі межамі і не адмяняе масавыя мерапрыемствы. Грамадства само шукае спосабы па супрацьдзеяння пандэміі. Што гэта – цёмная безадказнасць ці здаровы пафігізм?

Аляксандр Лукашэнка на дзень захапіў загалоўкі самых папулярных сусветных медыяў адным выказваннем пра метады лячэння каронавіруса.

«Асабліва цяпер на вёсцы прыемна глядзець па тэлевізары – людзі на трактары працуюць, ніхто не кажа пра вірусы. Там трактар вылечыў усіх. Поле ўсіх лечыць».

Трактаратэрапія імгненна стала мемам – пра гэта напісалі папулярныя медыі, пасыпаліся карыкатуры. Але гэта не адзіны метад барацьбы з новым каронавірусам, прапанаваны кіраўніком Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Трэба часцей у парылку хадзіць сухую. Ну і нядрэнна, хоць я і не прыхільнік гэтага. Але вы са мной пагадзіцеся, гэта ж старыя вясковыя метады – сёння, калі сродкаў дэзынфекцыі не хапае, дык нашыя людзі вынаходлівыя – яны гарэлку купляюць і гарэлкай мыюць рукі. То бок, калі з сауны выйсці, але і не толькі памыць рукі, але і ўнутр – сто грам. Дык я, як чалавек непітушчы, які не прапагандуе гэта, буду нармальна ўспрымаць».

Смех смехам, але падобныя заявы пакуль хутчэй негатыўным чынам адбіваюцца на іміджы нашай краіны. Асабліва на фоне абмежаваных мер па барацьбе з каронавірусам з боку ўладаў, і ў параўнанні з суседзямі.

Каментуе Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Гэта выглядае, як безадказнасць. Няма праблем – няма рашэнняў. Гэта адмова ад актыўных захадаў і адказнасці, якая павінна наступаць для дзяржавы і яе кіраўніка ў сітуацыі, калі наступствы так ці інакш будуць. І мы бачым такую гульню Лукашэнкі ў гэтай сітуацыі. Ён на самай справе рызыкуе, бо ў любым выпадку, калі наступствы будуць сур’ёзнымі, гэта моцна ўдарыць па ягоным іміджы».

Рыторыка Лукашэнкі стрыманая ў параўнанні з кіраўнікамі іншых краін. Як і захады, прынятыя ў Беларусі па барацьбе з каронавірусам. Суседнія з Беларуссю краіны абвяшчаюць каранцін, закрываюць межы і прымаюць іншыя захады – адпаведна, і рыторыка ў кіраўніцтва іншая.

ВІДЭА
Памылка Пуціна падчас эпідэміі
2020.03.21 15:58

Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны:

«У пытаннях жыцця і здароўя ўкраінцаў не можа быць заўчасна. Можа быць занадта позна»

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт РФ:

«Усе захады, якія прымаюць і яшчэ будуць прынятыя, спрацуюць. Дадуць вынік, калі мы выявім згуртаванасць, разуменне складанасці бягучай сітуацыі».

Аднак, ёсць і агульныя моманты ў выказваннях Лукашэнкі і іншых кіраўнікоў дзяржаў. Да прыкладу, той жа прэзідэнт ЗША гэтак жа, як і кіраўнік Беларусі, заклікае не паддавацца паніцы і прыкласці максімум намаганняў па барацьбе з эканамічнымі наступствамі пандэміі, якія могуць быць больш сур’ёзнымі за медыцынскія. А яшчэ першыя асобы Беларусі і ЗША ставяць падобныя дэдлайны па перамозе над каранавірусам.

Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША:

«Мы набліжаемся да завяршэння нашай гістарычнай бітвы з нябачным ворагам. І мы перамагаем. Спадзяюся, што мы паспеем зрабіць гэта да Вялікадня. Гэта вельмі сімвалічны час».

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня – значыць, жыць будзем».

З украінскім жа прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім Лукашэнку радніць доўгачасовы аптымізм і вера ў сілу свайго народа.

Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны:

«Мы з вамі перажылі шмат чаго. Нас не перамаглі ні птушыны, ні свіны, ні іспанскі грып. Мы моцныя, і ў нас усё будзе добра».

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Мы гэтыя вірусы перажывалі, перажывем і гэты. Былі і паскладаней вірусы: і свіны, і птушыны, і атыповая анамальная пнеўманія».

ВИДЕО
Лукашенко хочет проскочить коронавирус на красный
2020.03.21 17:58

Напэўна, таму ў Беларусі не толькі не ўведзены каранцін, але і масавыя мерапрыемствы праходзяць, як ні ў чым не бывала. Сярод іх – чэмпіянат краіны па футболе. Гэта адзінае не спыненае ў Еўропе спаборніцтва. Адпаведна, да яго прыкаваная ўвага аматараў футбола з усяго свету. Так, правы на трансляцыю чэмпіянату Беларусі набылі кампаніі з Расеі, Украіны і Ізраіля. Аб беларускіх камандах і гульцах загаварылі галоўныя рускамоўныя спартыўныя медыі.

Каментуе Сяргей Южык, журналіст «Прэсболу»:

«Палова піша, што малайцы, на бязрыб’і і рак – рыба, хоць нешта паглядзець ёсць. Бо калі ўсё зачыніцца, усім, хто хварэе спортам, цяжка пераносіць гэтую паўзу. Іншыя кажуць, што гэта палка аб двух канцах – не ведаем, чым скончыцца гэтая ўся эпідэмія. Бо калі ўсе краіны ўвялі каранцін і спынілі чэмпіянаты, то і Беларусі таксама варта было б, напэўна».

Футбольны партал Goal.com прысвяціў Беларусі шэраг артыкулаў, а карыкатурыст Амар Момані прадставіў свету працу, на якой Месі і Раналду задумваюцца над запрашэннем Аляксандра Глеба пагуляць у чэмпіянаце Беларусі. Такую імавернасць сам Глеб жартам выказаў у інтэрвʼю газеце The Sun.

Працягвае спартыўны журналіст Сяргей Южык:

«Кожны малады футбаліст кажа, што марыць гуляць у Еўропе. Дык вось для іх шанец – паказаць сябе, пакуль на іх глядзіць Еўропа…. На будучыню могуць быць нават пазітыўныя моманты з пункту гледжання таго, як бы нашым маладым футбалістам трапіць у еўрапейскі чэмпіянат».

Што праўда, да беларускага футбола прыкаваная ўвага не толькі аматараў футбола, але і тых, хто не супраць несумленным спосабам зарабіць на стаўках праз арганізацыю дамоўных матчаў. У Беларусі ўжо ідзе крымінальны працэс па падобным артыкуле. І рызыка праз некаторы час зноў убачыць такія сустрэчы ўзрастае.

Аднак Беларуская федэрацыя футбола пакуль прычын для спынення нацыянальнага першынства не бачыць. Там арыентуюцца на дзеянні кіраўніка дзяржавы.

«У Беларусі недавер да ўлады, дзяржаўных інстытутаў, дзеянняў чыноўнікаў, выказванняў прэзідэнта. Мы бачым паралельныя рэакцыі грамадства і ўлады на тое, што адбываецца. Дзяржава вядзе такую палітыку ў інфармацыйным полі, быццам нічога не адбываецца. Грамадства, не давяраючы гэтай інфармацыі, само прымае меры бяспекі», – упэўнены палітолаг Андрэй Ягораў.

ВИДЕО
Путин отменил объединение Беларуси с Россией?
2020.03.17 06:35

І ў гэтай сітуацыі відавочна, што Лукашэнка сам не будзе браць асабіста на сябе ніякай адказнасці – у выпадку правалу ў ахове здароўя або эканоміцы вінаватымі апынуцца чыноўнікі з галіновых міністэрстваў ці ж сродкі масавай інфармацыі-маўляў, падаграваюць паніку і дэзінфармуюць людзей.

Зміцер Міцкевіч/МВ, belsat.eu

Калаж з фота: SPUTNIK/Reuters/Forum, Alexei Nikolsky

Cюжет выйшаў у праграме «ПраСвет» 28.03.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў