Лукашэнка загадаў правесці выбары «як сапраўднае свята»

Выбары павінны прайсці як сапраўднае свята, усе правакацыі міліцыя павінна спыняць на корані, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынямі аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

«Прашу не забываць, што па добрай беларускай традыцыі, можа быць, і савецкай традыцыі, мы заўсёды выбары праводзілі як сапраўднае свята для людзей. І буфеты былі арганізаваны, і канцэртныя пляцоўкі. Прагаласаваўшы, людзі гатовыя былі паслухаць добрую песню, каб настрой быў прыстойны. Трэба і ў гэты раз не забываць пра такое свята», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка нагадаў, што датэрміновае галасаванне ўжо пачалося – працуюць усе 5,8 тысяч участкаў як унутры краіны, так і за мяжой. Ён яшчэ раз запатрабаваў забяспечыць бяспеку падчас правядзення выбараў.

«Нам ні ў якім разе нельга дапусціць, каб кіраўнікі камісіяў, і не толькі кіраўнікі, наагул тыя, хто прыйшлі на выбарчы ўчастак, прад’явілі да нас потым нейкія прэтэнзіі, што мы не змаглі на годным узроўні забяспечыць бяспеку ў месцах правядзення галасавання. Прашу, звярніце на гэта самую сурʼёзную ўвагу», – заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што праваахоўныя органы павінны жорстка рэагаваць на правакацыі і «пагрозы, абразы, гвалт спыняць на корані».

«У кожнага чалавека, хто мае права голасу, павінна быць магчымасць прыняць удзел у выбарах. Асабліва паглядзіце за старымі, інвалідамі. Ёсць яшчэ і людзі, якія хварэюць на каронавірус, трэба дапамагчы ім прагаласаваць, каб яны маглі зрабіць свой выбар», – сказаў Лукашэнка.

Сёння падчас Паслання да народу і парламенту кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз заявіў, што ягоныя апаненты «не атрымаюць краіну».

Лукашэнка звярнуўся да беларусаў: Беларусь – наша, любімая. А любімую не аддаюць!

КА belsat.eu

Hавiны