Лукашэнка ў камуфляжы на палігоне


У апошні дзень «Захаду-2017» кіраўнік Беларусі прыехаў на палігон Барысаўскі, каб паназіраць за правядзеннем вучэнняў.

Лукашэнка наведаў дапаможны пункт кіравання рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, а таксама дапаможны пункт кіравання 1-й танкавай арміі Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расеі.

Ён таксама агледзеў рухомы пункт упраўлення камандуючага РГВ (рэгіянальная групоўка войск). Дадзены браніраваны аўтамабіль айчыннай вытворчасці абсталяваны «самымі сучаснымі сродкамі сувязі», якія дазваляюць кіраваць войскамі непасрэдна ў руху.

«Малайцы! За кароткі час зрабілі добрую сістэму», – адзначыў ён.

На палігоне адпрацоўваюць «адбіванне наступу ўмоўнага праціўніка, правядзенне контратакі ды ягоны разгром».

Разам з кіраўніком Беларусі за вучэннямі на палігоне будуць назіраць дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. Кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу, які павінен быў прыехаць, па невядомай прычыне не будзе прысутнічаць.

Лукашэнка таксама заявіў, што мэты манеўраў дасягнутыя.

«Мы ўсе задачы поўнасцю рэалізавалі», – сказаў ён.

Чаму не прыехаў Пуцін

Лукашэнка таксама патлумачыў, чаму на вучэнні не прыехаў кіраўнік Расеі. Паводле яго, яны загадзя дамовіліся аб асобным ўдзеле ў вучэннях «Захад-2017».

«Першапачаткова мы планавалі, што будзем разам у Барысаве. Але потым вырашылі, што Пуцін на поўначы ў Ленінградскай вобласці, а я ў цэнтры. Я рады, што мне даверылі асноўную пляцоўку вучэнняў, – заявіў ён і пажартаваў: – Калі снарад у адно месца – дваіх адразу не стане».

Палітолаг Арсень Сівіцкі мяркуе, што кіраўнікі і галоўнакамандуючыя дзвюх краінаў несустракаюцца, бо «Расея не спадзяецца на Беларусь як на хаўрусніка».

ДР belsat.eu Фота president.gov.by, tut.by

Стужка навінаў