Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці пераадолець спад у нафтаперапрацоўцы, якая становіцца стратнай галіной эканомікі. Паводле экспертаў, летась беларускія НПЗ страцілі амаль 2,8 млрд USD праз недапастаўкі расейскай нафты і нізкія цэны на сусветных рынках.
«Няма неабходнасці яшчэ раз казаць пра важнасць гэтага пытання. Калісьці я ўжо казаў, што гэтае пытанне накшталт незалежнасці нашай дзяржавы. Мы павінны зрабіць усё, каб забяспечыць энергетычную незалежнасць і бяспеку Беларусі, – цытуе Лукашэнку БелТА. – Мы мусім выпрацаваць план дзеянняў па вывядзенню нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў з існуючай дрэннай сітуацыі».
Ён нагадаў, што нафтаперапрацоўка – гэта стратэгічная галіна краіны, доля якой у прамысловасці складае больш за 13%, а ў экспарце – каля 17%.
«Тым не менш, яе ўклад у беларускую эканоміку, на жаль, зніжаецца. Дададзены кошт нафтаперапрацоўкі ў ВУП у 2016 годзе складае ўсяго паўпрацэнта. Уклад двух нафтаперапрацоўчых заводаў супастаўны, напрыклад, з такой кампаніяй, як «Белтэлекам», – сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, сальда ў знешнім гандлі нафтай і нафтапрадуктамі сёння ацэньваецца як адмоўнае:
«Такая сітуацыя выклікае сурʼёзныя асцярогі. Нафтаперапрацоўка з флагману эканомікі ператвараецца ў стратную галіну».
Паводле Лукашэнкі, мадэрнізацыя НПЗ, у якую ўкладзены немалыя грошы, так і не завершана.
Лукашэнка таксама заявіў, што айчынныя прадпрыемствы апынуліся не гатовыя працаваць у новых умовах сусветных коштаў на нафту, хоць павінны былі дзейнічаць на апярэджанне.
«А цяпер «Нафтан» ледзь зводзіць канцы з канцамі і пастаянна выпрошвае дапамогу ў дзяржавы», – заўважыў ён.
Эксперт у нафтагазавай галіне Таццяна Манёнак адзначае, што Беларусь, як краіна, якая імпартуе нафту і экспартуе нафтапрадукты, вельмі залежыць ад знешняй канʼюнктуры.
«Сітуацыя ў сферы нафтаперапрацоўкі абумоўлена некалькімі фактарамі: зніжэннем сусветных коштаў на нафту, скарачэннем паставак расейскай нафты ў Беларусь і рэалізацыяй Масквой падатковага манеўру. Беларусь летась недаатрымала праз негатыўную цэнавую канʼюнктуру 1,6 млрд USD і яшчэ 1,2 млрд USD праз недапаставкі расейскай нафты. Акрамя таго, трэба ўлічваць, што той жа «Нафтан» субсідуе беларускую нафтахімію, пастаўляючы прадпрыемствам сыравіну па зніжаных цэнах – і гэта таксама сурʼёзныя страты, якія раней ацэньваліся ў 12 млн еўра штомесяц. Плюс кіраўніцтва краіны не дазваляла «Белнафтахіму» павысіць цэны на нафтапрадукты ўнутры Беларусі, чым пазбаўляла канцэрн магчымасці павысіць прыбытковасць на ўнутраным рынку», – адзначыла Манёнак у інтэрвʼю «Белсату».
ІІ, belsat.eu