Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года дзяржава павінна зрабіць асаблівы акцэнт на тое, каб годна і аднолькава апрануць усіх дзяцей.
«Формула адна – каб 1 верасня дзеці былі аднолькавыя. Не ў тым плане, што яны павінны быць апранутыя ў чорна-белыя фартушкі, гольфы або сукеначкі. А каб не вылучаліся дзеці з семʼяў, якія не так багатыя сёння. Мы мусім апрануць годна да 1 верасня ўсіх дзетак», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з віцэ-прэмʼерам Васілём Жарко і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам.
Лукашэнка таксама закрануў тэму абнаўлення вучэбнай праграмы і падручнікаў – у 2018 годзе гэтую працу плануецца завяршыць.
«Ніякай праблемы ў гэтым не бачу. Нават у тэрмінах. Мы ж не зноўку ствараем падручнікі, навучальныя праграмы. У асноўным гэта нармальныя навучальныя праграмы і падручнікі. Але некаторыя тэмы, як выявілася, трэба карэктаваць», – цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў у сваю чаргу, што да 1 верасня ў Беларусі выпусцяць 30 новых падручнікаў, да канца года яшчэ 11.
«Мы выпусцім каля 30 новых падручнікаў, якія будуць выкарыстоўвацца з 1 верасня. Яшчэ частка будзе выдадзеная да канца года – 11 падручнікаў. Па тых старых падручніках, якія будуць выкарыстоўвацца, выразна дадзены метадычныя рэкамендацыі, што з гэтых падручнікаў браць, а што не, – цытуе міністра БелТА. – У цэлым пастаўлена задача да канца 2019 года поўнасцю абнавіць усю лінейку падручнікаў па агульнай сярэдняй адукацыі».
КА, belsat.eu