Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў рэжыме відэаканферэнцыі правёў сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. У прэс-службе літоўскага прэзідэнта яе назвалі «лідарам беларускай грамадзянскай супольнасці і сімвалам пратэстаў за дэмакратычныя перамены ў Беларусі».
Анлайн-сустрэча была прысвечаная абмеркаванню складанай сітуацыі ў Беларусі, бліжэйшых планаў дзеянняў Святланы Ціханоўскай і ўплыву санкцый на рэжым.
Падчас перамоваў прэзідэнт Літвы праінфармаваў Ціханоўскую аб нядаўнім рашэнні ЕЗ пашырыць санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму шляхам уключэння ў спіс устаноў, кампаніяў і бізнесменаў. Ён адзначыў, што сустрэчы Ціханоўскай з кіраўнікамі структур ЕЗ, краін-чальцоў Еўразвязу і іншых міжнародных арганізацыяў з мэтай закліку падтрымаць беларускае грамадства, якое імкнецца да дэмакратычных пераменаў, маюць асаблівае значэнне для дэмакратычнай будучыні краіны.
«Літва актыўна падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць, якая змагаецца за дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека. Мы бачым, што цяперашняя сітуацыя не мяняецца. На жаль, рэжым працягвае жорсткія расправы над грамадзянамі, якія мірна пратэстуюць, некалькі тыдняў таму з асаблівай жорсткасцю быў забіты малады ўдзельнік пратэстаў Раман Бандарэнка. Рашэнне ЕЗ аб пашырэнні санкцыяў шляхам унясення ў спіс устаноў і кампаніяў, якія датычныя да рэпрэсіяў і аказваюць фінансавую падтрымку рэжыму, з’яўляецца правільным крокам, і мы заклікаем рэалізаваць яго як мага хутчэй», – сказаў Наўседа.
Ён запэўніў Ціханоўскую, што Літва будзе заўсёды актыўна падымаць пытанні правоў чалавека ў Беларусі на міжнароднай арэне, выступаць за права беларускага народа свабодна выбіраць прадстаўнікоў сваёй улады на сумленных выбарах.
«Наша падтрыманне беларускаму народу, яго барацьбы за свабоду абапіраецца на ўласны вопыт і балючыя ўрокі гісторыі. Дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасці – наш маральны абавязак, бо калісьці мы былі адной дзяржавай з агульнай гісторыяй», – адзначыў кіраўнік Літвы.
У сваю чаргу Рада Еўрапейскага Звязу паведаміла, што шэсць еўрапейскіх краінаў – Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія – далучыліся да другога пакету санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Другі пакет санкцыяў ЕЗ увёў 6 лістапада. Абмежаванні ўвялі ў дачыненні да 15 службовых асобаў, у тым ліку Лукашэнкі. Да першага пакету санкцыяў ЕЗ далучыліся сем краінаў.
Нагадаем, што Злучаныя Штаты Амерыкі ды Еўрапейскі Звяз папярэдне вырашылі ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да дзейных уладаў Беларусі.
У адказ кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што Менск перагледзіць праграмы супрацы з Еўразвязам у некалькіх пытаннях: гэта, напрыклад, атамная энергетыка, барацьба з нелегальнаю міграцыяй, кантрабандаю наркотыкаў.
МГ belsat.eu