Літоўскі міністр: спрашчэнне візавага рэжыму амаль завершанае

ВІДЭА

Лінас Лінкявічус, міністр замежных справаў Літоўскай Рэспублікі ў інтэрвʼю Сяргею Пелясе кажа, што Вільня не блакуе спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўразвязам, распавядае пра патавую сітуацыю ў беларуска-літоўскіх дачыненнях, каментуе запрашэнне Лукашэнкі ў Польшчу і ў Брусель, а таксама тлумачыць чаму вырашылі змяніць праект перапахавання паўстанцаў 1863 г. і дадаць беларускі подпіс на магіле Кастуся Каліноўскага.

Спадар міністр, хто з суседзяў Літвы самы праблемны?

Не бывае праблемных суседзяў, бываюць цікавыя суседзі і менш цікавыя (смяецца). Так што мы радыя ўсім.

Але хто ў такім выпадку, згодна з вашай тэрміналогіяй, самы цікавы?

Тыя краіны, дзе больш дынамікі, дзе розныя рашэнні, якія цяжка прагназаваць. Наагул, кажучы сур’ёзна, тыя суседзі, з якімі мы ўваходзім у звязы, – там, вядома, менш праблемаў – Еўразвяз, NATO. Але калі ёсць нейкія іншыя геапалітычныя арыенціроўкі, то тады ўзнікаюць і пытанні. Гэтыя праблемы можна назваць выклікамі або магчымасцямі. Трэба іх выкарыстоўваць, паважаючы адзін аднаго, але пільнуючы свае інтарэсы.

У дачыненнях Літвы і Беларусі – які самы галоўны выклік?

У двухбаковых дачыненнях гэта, вядома, станцыя, якая будуецца з 2009 года з парушэннямі – пра гэта кажуць і міжнародныя інстытуцыі. Нядаўна Камітэт Эспа [камітэт ажыццяўлення Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў транспамежным кантэксце, – belsat.eu] абвясціў заўвагі з нагоды выбару пляцоўкі, пра што мы гаварылі доўгі час.

На жаль, тут ужо цяжка знаходзіць кампрамісы, бо атамная электрастанцыя – не проста нявінная пабудова.Мы ведаем гэта з гісторыі ды практыкі. Гэта вельмі далікатная рэч, тым больш яна месціцца за 50 кіламетраў ад таго месца, дзе мы з вамі сядзім, ад нашай сталіцы. Нават паводле стандартаў МАГАТЭ гэтак не мусіць быць, дый паводле іншых стандартаў. Таму пагадзіцца або адступіць мы не бачым магчымасці.

У глыбіні душы я спадзяюся, што ўлады Беларусі гэта разумеюць, тым больш, гэта ўсё ж расейскі геапалітычны праект. Будзем адкрыта казаць пра гэта, бо гэта тэхналогіі «Расатаму», расейскія грошы і рэсурсы, плюс мэты: напэўна, трымаць нас як мага даўжэй пад кантролем электрычнага кола, дзе кіруюць аператары з боку Расеі.

Мы цяпер якраз займаемся пытаннямі дэсінхранізацыі і сінхранізацыяй з Заходняй Еўропай. Што, фактычна, у нас ужо мусіць быць, бо мы належым да Еўразвязу. Але гэткія геапалітычныя праекты, напэўна, ставяць за мэту гэты працэс ці неяк прыпыніць, ці каб ён наагул не адбыўся. Мы не можам спакойна на гэта глядзець, мы пра гэта гаворым гучна.

Але зноў жа дадам: мы ўсё ж глядзім выбарачна на дачыненні, пагатоў ёсць і іншыя сферы, дзе мы спрабуем супрацоўнічаць, і мы гэта робім. Напрыклад, пытанне аб спрашчэнні візавага рэжыму – яно вельмі важнае, думаю, для ўсіх беларусаў.

Гэта непрымальна, што яны цяпер мусяць плаціць 60 еўраў за візу, а пасля ўвядзення новага візавага кодэксу яшчэ больш – 80 еўраў.

Мы заўсёды былі за тое, каб быў спрошчаны рэжым, пра яго было дамоўлена, і мы гэты працэс пачалі падчас старшынёўства Літвы ў Еўразвязе ў другой палове 2013 года. Я рады, што гэты працэс амаль завершаны. Як і дамова аб рэадмісіі, што таксама трэба. Так што ў гэтых праектах мы праявілі актыўнасць, самі ўзялі лідарства і цешымся, што ёсць вынікі.

Ці, скажам, эканамічная супраца: транспарт, лагістыка. Беларусы вельмі актыўна выкарыстоўваюць наш порт [порт у Клайпедзе. – belsat.eu], што таксама выгадна для абодвух бакоў. Для беларусаў гэта самы блізкі порт, універсальны, мультымадальны, з нашага боку гэта таксама выгадна. Так што там, дзе ёсць прагматычны нейкі інтарэс, я не бачу праблемаў.

Серб і касавар – пра бамбардаванне Югаславіі праз 20 гадоў

Некаторыя эксперты ў Менску, блізкія да Міністэрства замежных справаў Беларусі, кажуць, што Літва ледзь не блакуе дамоўленасці паміж Менскам і Бруселем з-за пытання пра беларускую атамную электрастанцыю. Ці так гэта? Я хацеў бы пачуць з першых вуснаў.

Мы не каментуем гэтых працэсаў, хто там і што блакуе, бо тут няма не толькі праўды, але і сэнсу пра гэта казаць. Дыскусіі вядуцца. Так, у Еўразвязе, у Еўракамісіі. Мы гэтыя пытанні падымаем, але казаць пра блакаванне не выпадае. Нам трэба вырашаць гэтыя праблемы, бо яны вядомыя, – і гэта адзіны шлях выйсці з гэтай сітуацыі, а не шукаць, хто і ў чым вінаваты. Тым больш, не мы будуем гэтую станцыю з парушэннямі, а нашыя суседзі. Так што тут я віны не бачу.

Як вы наагул бачыце цяпер беларускую замежную палітыку? Наколькі Беларусь самастойная? Ці ўсё ж яна шмат у чым залежыць ад Масквы?

Хацелася б асцярожна выбіраць выразы, бо гэтыя заўвагі ўспрымаюць чулліва. Я не буду рабіць паспешлівых высноваў, але ўсім вядома, што гэта ўсё-такі саюзная дзяржава з Расеяй, з усімі наступствамі. Ёсць дамова, якая, напэўна, не ва ўсім абʼёме выкананая. Ёсць абавязальніцтвы інтэграцыі, вельмі моцныя.

І мы бачым сферы не толькі эканамічныя, але і бяспекі, абароны, мы памятаем апошнія вучэнні «Захад», дзе была задзеяная ўся тэрыторыя Беларусі – вельмі інтэнсіўна, нават больш, чым Калінінградская вобласць. Гэта прыводзіць да высноваў, што краіна моцна інтэграваная.

І спецслужбы, і іншыя ведамствы… Зыходзячы з гэтага ацэньваецца самастойнасць прымаць рашэнні. Я думаю, што магу рабіць такія высновы: яны прымаюцца пры вельмі важкім меркаванні з расейскага боку. Гэта рэальнасць, мы мусім зыходзіць з рэальных фактаў і, зыходзячы з гэтых фактаў, будаваць сваю палітыку.

Як Расея штурхае Лукашэнку ў НАТО

Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда запрасіў Аляксандра Лукашэнку сярод іншых лідараў дзяржаваў рэгіёну для ўдзелу ў гадавіне Другой сусветнай вайны, нападу нацысцкай Нямеччыны на Польшчу. Пуціна не запрасілі. У нас шмат хто спекулюе: паедзе Лукашэнка ці не. Адначасова зʼявілася інфармацыя, што Брусель таксама запросіць кіраўніка Беларусі на юбілейны саміт «Усходняга партнёрства». Гэтыя запрашэнні, рашэнні Бруселю і Варшавы, – пра іх кансультаваліся з Вільняй?

Не, з Вільняй не кансультаваліся, але я не думаю, што Варшава мусіць кансультавацца з Вільняй з нагоды імпрэзаў, якія ладзіць Варшава. Прычыну або логіку яны, напэўна, самі растлумачаць, я пра гэта не ведаю. Што да імпрэзаў «Усходняга партнёрства», то логіка тут зразумелая. Краіны-чальцы, шэсць краінаў – дарэчы, вельмі розныя краіны, з рознымі амбіцыямі, з рознымі намерамі. Калі тры краіны з гэтай шасцёркі спрабуюць наблізіцца да Еўразвязу або ўступіць у Еўразвяз, то Беларусь такой мэты не ставіць. Арменія і Азербайджан таксама. Але ўсе знаходзяць рычагі, агульныя інтарэсы, і мы спрабуем, каб праграма «Усходняга партнёрства» стварыла ўмовы для кожнай краіны з рознымі намерамі і амбіцыямі, каб яны пачуваліся камфортна. Беларусь адна з іх. Натуральна, яе запрашаюць на імпрэзы, звязаныя з «Усходнім партнёрствам». Што да іншых момантаў, я не магу нічога пракаментаваць.

Літоўскі ўрад, які вы таксама прэзентуеце, прыняў даволі пазітыўнае рашэнне, вельмі станоўча ўспрынятае ў беларускім грамадстве. Гэта рашэнне дадаць беларускую версію подпісу на магіле аднаго з лідараў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. У Беларусі для адных гэта кумір або амаль што святы, а для ўраду Лукашэнкі – паляк, лідар польскага паўстання, так напісана нават у падручніку. Я ўспрымаю гэты крок Літвы не проста як тэхнічнае рашэнне, а як жэст у дачыненні беларускага грамадства, да той часткі, для якой важныя ідэалы, за якія Каліноўскі змагаўся, якім важная нашая агульная гісторыя – Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая. Як вы ацэньваеце надпіс, што ён значыць для беларуска-літоўскіх дачыненняў?

Гэта можна назваць жэстам, наўпроставым поглядам на гістарычную рэальнасць – бачыць гэтую асобу трэба ў кантэксце 1863 года, гэтых падзеяў. І вядома ж, законна, што мы ўсе лічым гэтага дзеяча сваім. Трэба аддаць даніну павагі, і мы з павагай ставімся да таго, што беларусы адчуваюць… Уласнасць – слова вельмі моцнае. Адчуваюць, што гэта іхны прадстаўнік. Таму гэта павага найперш да гэтых пачуццяў і даніна гістарычнай рэальнасці. Гэта добрае рашэнне, і я рады, што яно добра ўспрынятае.

Пуцін сыдзе і захопіць з сабою Лукашэнку

Спадар міністр, вакол беларускай АЭС склалася патавая сітуацыя. Літва цвёрда стаіць на пазіцыі, што яе трэба зачыніць або перарабіць у газавую электрастанцыю, а Менск сцвярджае, што яе запусціць, і гэта прынцыповае рашэнне. Ці ёсць выйсце? Можа, такім развязаннем была б прапанова літоўскага прэмʼер-міністра Саўлюса Сквярняліса перарабіць яе ў газавую. Тым больш, эксперты сцвярджаюць, што гэта не так і не рэальна, што застаецца магчымасць такое зрабіць – было б жаданне. Такія прыклады ёсць: Менская ЦЭЦ была пераробленая з атамнай, яе будавалі як атамную. Як вы мяркуеце?

Пазіцыі розныя. Мы сваё гледзішча наконт атамнай электрастанцыі выказалі вельмі ясна, ёсць аргументы. Складанасць у тым, што мы ніяк не можам уплываць на тое, што адбываецца на тэрыторыі іншай дзяржавы. Мы прымаем свае законы ў парламенце, якія адлюстроўваюць нашыя намеры не набываць энергію з гэтай станцыі, калі яна запрацуе. У тым ліку мы маем і пазіцыю польскага ўраду, які заявіў пра тое ж. Кожны абʼект, нават калі ён геапалітычны, ён мусіць мець і эканамічную аснову. Калі ён будуецца на экспарт, а з экспартам ёсць праблемы, то тут узнікаюць пытанні. Я заўсёды цытую прэзідэнта Лукашэнку, які сам выказаўся калісьці, я чытаў у адкрытых крыніцах. Думка была такая, што ніхто яму выразна і пераканаўча не патлумачыў, як гэты абʼект можа інтэгравацца ў эканоміку Беларусі. Дык вось, гэтак ён ужо адказаў на патавую сітуацыю, як вы кажаце. Яна патавая і палітычна, і геапалітычна, і эканамічна.

У Беларусі апошнія некалькі гадоў раз-пораз узнікаюць размовы, што Расея ці ледзь не анексуе нашую краіну паводле крымскага ці нейкага іншага сцэнару: спачатку зʼявіцца ваенная база або падчас вучэнняў войскі застануцца. Базы дагэтуль няма, і войскі расейскія не застаюцца. Тым не менш, Расея праштурхоўвае глыбокую інтэграцыю паводле саюзнай дамовы. Ці разглядаецца ў Літве чорны сцэнар, калі Беларусь страціць незалежнасць або гэтая незалежнасць значна паменшыцца і, груба кажучы, у Горадні ці ў Лідзе зʼявяцца расейскія войскі?

Мы зацікаўленыя ў захаванні суверэнітэту або элементаў суверэнітэту, наколькі гэта магчыма ў Беларусі. Мы думаем, гэта каштоўнасць, гэта важна, гэта мусіць быць. Але мы сыходзім з рэчаіснасці, з тэмпаў інтэграцыі, як вы гэта называеце. Мы гэта бачым у практыцы, і зыходзячы з гэтага будуем сваю палітыку. Мы не маем іншых магчымасцяў уплываць, як і намераў. Мы проста ацэньваем рэальную сітуацыю. Якія могуць быць сцэнары – тут ужо вырашаць беларусам ды іншым краінам рэгіёну. Я б нагадаў яшчэ адну тэорыю, тэорыю «русского мира», вакол якой таксама ўзнікаюць розныя пытанні, што гэта такое. Гэта ўсё наводзіць на розныя думкі, але паўтаруся: мы безумоўна зацікаўленыя ў суверэннай беларускай дзяржаве, але ўжо за беларусамі – увасобіць гэта ў жыццё.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 22.03.2019

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары