«Ледзь не ўвесь Менск памрэ». У Сухараве змагаюцца супраць заводу для спальвання смецця


Менская ЦЭЦ-4.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У рэдакцыю «Белсату» звярнуліся жыхары сталічнага мікрараёну Сухарава, якія распавялі пра экалагічныя праблемы і выклікі. Belsat.eu выслухаў менчукоў і разбіраўся з адказамі ды абяцаннямі сталічных чыноўнікаў.

Выпарэнні ідуць на Сухарава

Пачалося ўсё ў студзені, калі на фоне нафтагазавых цяжкасцяў у стасунках Беларусі ды Расеі, на ЦЭЦ-4 у Сухараве пачалі завозіць мазут.

«Раней гэта было рэзервовае сховішча на выпадак перабояў. А зараз яны вырашылі паліць», – распавёў у каментары belsat.eu сябар ініцыятыўнай групы мясцовых жыхароў Андрэй.

Ответ на обращение жителей из Минского городского комитета природных ресурсов и охраны окружающей среды

Паводле яго, мазут палілі пераважна ноччу. І выкіды ад спалення часцяком ішлі на вуліцы Панчанкі, Фёдарава ды іншыя, што прылягаюць да МКАД. Пасля скаргаў жыхароў, ім паведамілі, што «ўсе аперацыі з мазутам скончаныя».

Але Ірына, іншая прадстаўніца ініцыятыўнай групы, кажа, што гэта не так. Паводле яе, кіраўніцтва ЦЭЦ спрабуе хаваць гэта.

«МНС пацвярджае, што ідзе праца з мазутам, а калі тэлефануеш галоўнаму інжынеру, яны кажуць, што не, гэта ўсё няпраўда», – гаворыць Ірына.

У любым разе нават спыненне спальвання мазуту не вырашыла ўсіх праблемаў з ЦЭЦ-4.

Ответ из Минскэнерго

«У іх ідзе адкрытае захоўванне мазуту. І каб яго захоўваць, яго падаграваюць. Ідуць пары. І калі вецер ідзе, гэтыя выпарэнні ідуць ці то на Сухарава, ці то на Малінаўку. Вельмі моцна ўвечары і раніцай», – кажа Андрэй.

Бяда не прыходзіць адна

Цікаўнасць жыхароў мікрараёну да працы ЦЭЦ-4 прывяла іх да нечаканага адкрыцця: яны даведаліся, што на яе базе плануецца пабудаваць завод для спальвання смецця. Кацёл будзе працаваць пры тэмпературу 850 градусаў, пры якой усе шкодныя рэчывы асядаюць у паветры, кажа Ірына. Паводле яе, не вырашанае пытанне і з утылізацыяй попелу.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Нам дыхаць ужо немагчыма, а што будзе, калі пабудуюць гэты завод, я не ведаю. Людзі ўжо думаюць прадаваць кватэру, з’язджаць куды-небудзь. Бо не хочацца, каб дзеці дыхалі такім паветрам», – дадае Андрэй.

На яго думку, планы пра будаўніцтва заводу наўмысна замоўчваюцца.

«Нам кажуць, што нічога не вядзецца. Але яны ўжо прапрацоўваюць, колькі па кальцавой будзе машын ездзіць і як яны будуць усё дастаўляць. То бок у іх рэальныя планы», – кажа актывіст.

«Яны сталі смяяцца»

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Паводле мясцовых жыхароў, пляцоўка на ЦЭЦ ужо расчышчаная для будаўніцтва смеццепрымальніка, ужо ёсць падрадчык, распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя.

«Ніякага грамадскага абмеркавання не было. А яны ўжо ўклалі грошы, пляцоўку расчысцілі, дакументы рыхтуюць. СЭС пацвердзіў, што ніхто да іх не звяртаўся для ўзгаднення. Думаю, недзе ў траўні наступнага года нас проста паставяць перад фактам і пачнуць дым пускаць», – мяркуе Ірына.

Менскі мікрараён Сухарава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У сваю чаргу яе калега не выключае, што будаўніцтва заводу афіцыйна можа прайсці як мадэрнізацыя ЦЭЦ-4. Ён таксама асцерагаецца, што грамадскае абмеркаванне могуць правесці «ціха ўлетку, калі людзі будуць у адпачынках і скажуць, што «ніхто не супраць» і пачнецца будаўніцтва».

«Калі была ў адміністрацыі Фрунзенскага раёну, я наўпрост спытала: калі будзе абмеркаванне, колькі трэба будзе подпісаў, каб гэта спыніць. Яны сталі смяяцца», – дадае Ірына.

«Ну й што, што вам пахне?»

Супраць будаўніцтва заводу мясцовыя жыхары сабралі 250 допісаў і 2 сакавіка даслалі іх «куды толькі можна»: СЭС, Менскэнерга, аховы прыроду, Міністэрства аховы здароўя.

«Абяцаюць, што будуць лепшыя фільтры. Але як мы можам гэтаму давяраць? Калі смурод стаяў ад мазуту, мы запыты дасылалі, а яны кажуць: вам не павінна смярдзець, нікому не смярдзіць. Дык тое ж самае будзе з смеццеспальвальным заводам. Нас будуць дыяксідамі труціць і іншымі цяжкімі металамі ды будуць казаць, што паказнікі ў норме», – адзначае Ірына.

Коллективное обращение жителей Сухарево

Каб вырашыць праблему будаўніцтва заводу, мясцовыя жыхары таксама вырашылі звярнуцца да дэпутатаў. Пачалі з дэпутаткі Менгарсавету, галоўнай лекаркі 10-й паліклінікі Святланы Цабкалы.

«Яна напэўна, нас прыняла толькі таму, што нас было чацвёра, а не адзін чалавек. Выслухала, арганізавала сустрэчу з кіраўніком адміністрацыі [Фрунзенскага раёну. – Рэд. Belsat.eu], але на гэтым яе карысная дзейнасць скончылася. Яна толькі ківала галавой і казала: «Ну й што, што вам пахне? Мне непрыемны пах бензіну ці адэкалону чужога». Пра тое, што анказахворванні могуць узнікаць ці ўродствы ў дзяцей, яе зусім не хвалюе», – кажа Ірына.

10 сакавіка актывісты сустрэліся з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Ганнай Старавойтавай.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Яна цалкам нас падтрымлівае. Яна напярэдадні атрымала ліст, які мы адсылалі ёй, і абмеркавала яго з Панасюком [дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Васілём Панасюком. – Рэд. Belsat.eu]. Гэты былы дырэктар ЦЭЦ. Ён таксама катэгарычна супраць. Яны бачаць, што ледзь не ўвесь Менск памрэ, калі гэтая ідэя будзе рэалізаваная. Гэта вельмі шкодная вытворчасць», – адзначае Ірына.

Паводле яе, Ганна Старавойтава паабяцала зрабіць ад свайго імя запыты ў розныя інстанцыі і ў выпадку адпісак падымаць пытанне на ўзроўні ўраду.

Праз месяц, на 7 красавіка, яна запрасіла чальцоў ініцыятыўнай групы на паўторны прыём, каб абмеркаваць ужо вынікі зваротаў.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

МГ belsat.eu

Стужка навінаў