Турэцкая вайсковая аперацыя «Крыніца міру» на паўночным усходзе Сірыі спыняецца. Пра гэта ўвечары 22 кастрычніка паведаміў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў.
Паводле расейскага міністра, далей «усё будзе залежаць ад таго, наколькі будуць выконвацца дамоўленасці, у тым ліку пра адвод узбраенняў і адвод сілаў і сродкаў курдскіх падраздзяленняў», перадаюць РИА «Новости».
Лаўроў таксама адзначыў, што Расея ў вырашэнні па Сірыі не азіраецца на пазіцыю ЗША, якая, паводле яго, зменлівая і супярэчлівая.
Расейскі міністр таксама дадаў, што кааліцыя на чале з ЗША знаходзіцца ў Сірыі незаконна.
9 кастрычніка Турцыя распачала вайсковую аперацыю на поўначы Сірыі. Мэтай наступу з’яўляецца намаганне адцясніць курдскія сілы ў памежных раёнах. ЗША адмовіліся падтрымліваць турэцкую армію ў гэтай аперацыі, але пры гэтым і не падтрымалі курдаў, якія ваявалі супольна з амерыканскімі вайскоўцамі супраць «Ісламскай дзяржавы».
МГ belsat.eu