«Куды ты палезла?» Медыятар Лілія Уласава расказала пра сустрэчу з Лукашэнкам


Юрыст і прадстаўнік Прэзідыума Каардынацыйнай рады Лілія Уласава ўжо некалькі тыдняў як выйшла на волю. Яе выпусцілі з турмы, як і шэраг іншых палітвязняў пасля ўдзелу ў «дыялогу» з Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

Медыятарка распавяла ў інтэрв’ю TUT.by, у якіх умовах утрымліваюць жанчын на Валадарцы і што гаварыў Лукашэнка на сустрэчы з палітвязнямі ў СІЗА КДБ.

Валадарка

На Валадарцы я «пажыла» ў двух камерах. Першая камера на шэсць чалавек была на тэрыторыі турэмнай больніцы, у ёй знаходзіліся хворыя людзі, у тым ліку з сурʼёзнымі псіхічнымі захворваннямі.

У турме я ўпершыню ўбачыла квінтэсенцыю чалавечых пакутаў: слёзы, злосць, безвыходнасць, адчай, раскаянне і агрэсію. Цяжкі стан сукамерніц прымушала пераключацца са сваёй бяды на чужую. Я старалася адцягнуць іх размовамі, заўсёды трымала пад рукой лекі, так як здараліся істэрыкі і нават бойкі (у першай, бальнічнай камеры). Я не пыталася, за што яны сядзяць, таму што бачыла ў іх перш за ўсё няшчасных людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы. Большасць жанчын ужо былі асуджаныя і чакалі, калі іх справу разгледзіць Апеляцыйны суд або адправяць у калонію ў Гомель.

Сустрэча з Лукашэнкам

У суботу 10 кастрычніка ў 6.30 раніцы ў маю камеру ўвайшоў канваір і сказаў: «Уласава, апрануцца па сезоне і на выхад». Я спытала, куды едзем. Мне адказалі – на следчыя дзеянні. Адмовіцца нельга. Толькі калі мы павярнулі з праспекта Незалежнасці на вуліцу Камсамольскую, я зразумела, што вязуць у КДБ. Мяне пасадзілі ў кабінет з ахоўнікам і папрасілі пачакаць адваката. Недзе а 12 мяне завялі ў залу, у якой ужо былі людзі. З прысутных я была знаёмая з Бабарыкам, Знакам і Салеем. Віктар Бабарыка, побач з якім мяне пасадзілі, пажартаваў: «па-блюзнерску, вядома, гучыць, але я рады вас бачыць». Я таксама была рада яго бачыць жывым. Калі ў залу ўвайшоў Лукашэнка, я спачатку падумала, што гэта двайнік, гэта нейкі розыгрыш, не можа быць, каб ён прыйшоў да арыштаваных.

Я задала пытанне Лукашэнку: «я ніколі не займалася палітыкай, прыйшла ў Каардынацыйную раду як перамоўца і медыятар, прабыла там 12 дзён, за што вы мяне пасадзілі?» У адказ пачула:« Вось бы і займалася сваёй медыяцыяй, куды ты палезла?»

Цалкам інтэрвʼю з Ліліяй Уласавай чытайце на TUT.by.

Стужка навінаў