Куды дзяваюцца былыя прэс-сакратары МУС і чым яны нам запомніліся?


Днямі ў адстаўку сышоў чарговы кіраўнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгій Яўчар. Па чутках, гэта адбылося праз скандал вакол падлетка, які прасіў прабачэння ў помніку гарадавому. Belsat.eu паспрабаваў высветліць, дзе цяпер працуюць былыя міліцэйскія прэс-сакратары, а таксама прыгадаў, чым яны запомніліся грамадскасці.

Канстанцін Шалькевіч: ад маўклівых акцыяў да спрэчак з блогерамі

Канстанцін Шалькевіч. Фота прэс-службы МУС Беларусі

Часова выконваў абавязкі кіраўніка прэс-службы МУС з 2008 года. У 2011 узначаліў упраўленне інфармацыі ведамства. Як раз у той час па Беларусі пракацілася хваля маўклівых акцыяў – людзі выходзілі ў цэнтр гораду і пляскалі ў далоні на знак пратэсту супраць уладаў. Канстанцін Шалькевіч заяўляў пра «магчымыя правакацыі з ужываннем агнястрэльнай зброі» з боку пратэстоўцаў.

Пасля выбуху ў менскім метро вялікі рэзананс у сеціве выклікала відэа, на якім чацвёра «асобаў у цывільным» выходзяць з «Кастрычніцкай». Шалькевіч пераконваў грамадскасць, што гэта сапёры ўнутраных войскаў, і яны прыбылі на месца для размініравання праз 15 хвілінаў пасля здарэння. Прэс-служба МУС нават арганізавала сустрэчу гэтых сапёраў з журналістамі.

Аднак далёка не заўсёды Шалькевіч на сваёй пасадзе імкнуўся надаць прэсе своечасовую і праўдзівую інфармацыю. Напрыклад, у верасні 2012 года, калі міліцыянты брутальна затрымалі сем карэспандэнтаў, што асвятлялі пікет (аднаму з іх разбілі акуляры), кіраўнік упраўлення інфармацыі заявіў: журналістаў «ніхто не затрымліваў і не збіваў», іх проста «даставілі для праверкі дакументаў». Чаму міліцыя выдаліла тады ўсе фота- і відэаматэрыялы карэспандэнтаў – патлумачыць ён не змог.

У 2014 годзе Шалькевіч сказаў, што «шмат хто нязгодны з тым, як Радыё Свабода асвятляе ўкраінскія падзеі». Варта адзначыць, што з «Белсатам» стасункі ў Шалькевіча зусім не складваліся. Часцяком, калі мы тэлефанавалі па каментар, прэс-сакратар не толькі звяртаў увагу на адсутнасць акрэдытацыі ў канала, але дадаваў: «Вы тэндэнцыйна і непраўдзіва падаеце інфармацыю».

Байнэту асабліва запомнілася публічная пікіроўка Шалькевіча з блогерам Антонам Матолькам, калі апошні абурыўся чарговай праявай міліцэйскага бязмежжа. У спрэчцы прэс-сакратар заявіў Матольку, што «за такое і ў морду б’юць».

Праз шэсць гадоў службы, у студзені 2018 году, Шалькевіч быў вызвалены з пасады ў званні палкоўніка. Чым цяпер займаецца былы прэс-сакратар – даведацца не ўдалося. Belsat.eu некалькі разоў спрабаваў яму патэліць, але слухаўку Шалькевіч так і не зняў.

Георгій Яўчар: ад затрыманняў у тралейбусе да помніку гарадавому

Георгій Яўчар, фота прэс-службы МУС

Доўгі час працаваў ва ўпраўленні інфармацыі УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, потым перабраўся ў Менск і стаў намеснікам Шалькевіча. Пасля ягонага звальнення, узначаліў прэс-службу МУС.

Яшчэ вясною 2017 года, падчас пратэстаў супраць «падаткаў на дармаедства» Яўчар каментаваў, сярод іншага, жорсткае затрыманне ў менскім тралейбусе. Ён настойваў, што яны «груба парушылі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах». На пытанне, чаму сілавікі былі ў цывільным, Яўчар не адказваў.

Аднак найбольш запамінальны эпізод у ягонай кар’еры – скандал з помнікам гарадавому ў Менску. Сёлета ў лістападзе МУС апублікавала ролік, у якім падлетак спачатку дае скульптура пляскача, а потым перад ёй жа выбачаецца. Відэа імгненна стала вірусным – інтэрнэт-карыстальнікі абрынуліся з крытыкай міліцыі. У сацсетках нават пачаўся флэш-моб – людзі выбачаліся перад помнікамі, да якіх калі-небудзь дакраналіся.

28 лістапада стала вядома, што Георгій Яўчар пакінуў пасаду кіраўніка прэс-службы. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook. Паводле яго словаў, цяпер ён сыходзіць на пенсію праз поўную выслугу. Але ў грамадскасці паўстала пытанне: ці не праз скандал з гарадавым Яўчар зняты з пасады?

Дорогие друзья пресс-секретари, сослуживцы, коллеги журналисты! Всем искреннее спасибо и слова благодарности за годы…

Opublikowany przez Георгий Евчар Środa, 28 listopada 2018

Дарэчы, хто ўзначаліць упраўленне інфармацыі, пакуль невядома. Цяпер гэты раздзел на сайце МУС пустуе – ёсць толькі звесткі пра намесніка начальніка ўпраўлення.

Аляксандр Ластоўскі: вёў акаўнты ў Твітэры і пытаў, як наказаць дзяўчыну

Аляксандр Ластоўскі, фота прэс-службы МУС

Вядома, што Ластоўскі скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Больш за дзесяць гадоў ён узначальваў прэс-службу ГУУС Менгарвыканкаму.

З Ластоўскім шмат беларускіх журналістаў знаёмыя асабіста. Ён амаль заўжды прысутнічаў на масавых акцыях, з’яўляўся, калі журналістаў затрымлівалі ягоныя калегі.

У апошнія гады Ластоўскі актыўна вёў акаўнт ГУУС у Твітэры, прыдумаў праекты «Перахоп» і «Дзяжурка».

Восенню 2016 года здарылася кур’ёзная гісторыя: дзяўчына зрабіла пікантную фотасесію на фоне вечнага агню на Плошчы Перамогі ў Менску і запосціла здымак у сацсетках. Ластоўскі апублікаваў пост, дзе распавёў, што ў міліцыю прыйшла скарга на гэтае фота і запытаў у публікі: «зразумець і прабачыць» або «знайсці і пакараць»? У выніку міліцыянты пачалі праверку ў межах артыкулу «дробнае хуліганства», але да разбіральніцтва ўсё ж не дайшло.

Амаль адначасова з Шалькевічам кіраўнік прэс-службы менскай міліцыі сышоў з пасады. Пазней стала вядома – Ластоўскі пераведзены на службу ў Міністэрства ўнутраных справаў. Імаверна, гаворка ідзе пра павышэнне. Новым прэс-сакратаром ГУУС Менгарвыканкаму прызначаная Наталля Ганусевіч.

КА, Belsat.eu

Стужка навінаў