Асобінаў гэтага віду пеліканаў не бачылі ў нашай краіне амаль 150 гадоў.
Навіной падзялілася «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якая і раскапала здымак з птушкай у сацыяльных сетках.
Рыбалоў Аляксандр Розін пабачыў незвычайную асобіну падчас спаборніцтваў па лоўлі на мармышку, зрабіў фатаграфіі і выклаў іх у інтэрнэт. Арнітолагі распазналі ў птушыне рэдкага кудравага пелікана і на наступны дзень рушылі на ягоныя пошукі.
Дарослая асобіна знайшлася – пелікан плаваў на вызваленым ад лёду участку ракі Друць ніжэй Чыгірынскага вадасховішча ў Магілёўскай вобласці.
Паводле арнітолага Аляксандра Вінчэўскага перажываць за кучаравага прыгажуна не трэба – гэты від пеліканаў марозаўстойлівы.
Кучаравы пелікан – самы буйны прадстаўнік свайго віду і адна з самых вялікіх лятучых птушак на зямлі. Размах яго крылаў можа дасягаць 3,5 м. Птушка занесена ў Міжнародны чырвоны спіс, яе колькасць ацэньваецца ўсяго ў 4000-5000 пар.
ДР, belsat.eu