У суботу, 23 студзеня, у дзясятках гарадоў Расеі павінны прайсці акцыі пратэсту, удзельнікі якіх запатрабуюць вызваліць палітыка Аляксея Навальнага, затрыманага пасля вяртання ў Расею з Нямеччыны.
Акцыі запланаваныя ў дзясятках гарадоў Расеі. У многіх гарадах, у тым ліку ў Маскве, актывістам і журналістам вынеслі засцярогі аб тым, што маючыя адбыцца акцыі незаконныя. Тых, хто плануе пайсці на мітынгі, затрымліваюць і адпраўляюць пад адміністрацыйны арышт, у некаторых выпадках актывістаў збіваюць, паведамляе «Вот Так».
Таксама Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за распаўсюд у сацсетках заклікаў ісці на мітынгі ў падтрымку Аляксея Навальнага 23 студзеня. Справа пачатая ў дачыненні да нявыяўленых асобаў за нібыта ўцягванне няпоўнагадовых «здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў, якія загадзя ўяўляюць небяспеку для іх жыцця, праз інтэрнэт».
Генпракуратура і ГУ МУС Расеі ў Маскве апублікавалі засцярогі, у якіх нагадалі пра адказнасць за ўдзел у няўзгодненых акцыях. МУС таксама пачаў даследчую праверку «ў сувязі з арганізацыяй кіраўнікамі штабоў Навальнага правакацыяў і гвалтоўных дзеянняў».
Апроч таго, пад пагрозай штрафаў улады патрабуюць ад соцсетей выдаляць групы, у якіх утрымліваюцца заклікі прыходзіць на мітынгі. Мінасветы заклікала бацькоў школьнікаў ахаваць іх ад акцый.
Сам Аляксей Навальны, якога затрымалі пасля прылёту з Берліну ў Маскву, застанецца за кратамі да 15 лютага. Хімкінскі суд Маскоўскай вобласці, паседжанне якога адбывалася проста ў Хімкінскім аддзеле паліцыі, пакараў палітыка 30-дзённым арыштам.
Аляксея Навальнага затрымалі, бо ён у вышуку за «шматразовыя парушэнні выпрабавальнага тэрміну». Акрамя таго, Следчы камітэт Расеі распачаў у дачыненні Навальнага крымінальную справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры.
Са жніўня палітык быў на лячэнні ў Нямеччыне пасля атручвання рэчывам з групы «Навічок». Па вяртанні ў Маскву палітыка затрымалі проста ў аэрапорце.
Ужо пасля затрымання на Youtube-канале Навальнага выйшла відэарасследаванне пра таемны палац прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.
Палац размешчаны на беразе Чорнага мора ў сяле Праскавееўка Краснадарскага краю. Заяўляецца, што ў рэзідэнцыі Пуціна ёсць падземны лядовы палац, уласнае казіно, тэатр, вялікія вінаграднікі, некалькі верталётных пляцовак ды шмат іншага.
Відэа паглядзелі ўжо амаль 60 млн разоў.
МГ belsat.eu